Маці ў службу выпраўляе
Родную дзяціну
І украдкам выцірае
Рукавом сьлязіну.
„Будзь паслушна ты, дачушка!“
Навучае матка:
„Дагаджай чужым ты, служка,
Ды цярпі, дзіцятка!
Не адзін раз твае вочкі
Заплывуць сьлязою:
Твая доля — цямней ночкі, —
Цяжка быць слугою!
Ня уважыць чужаніца
Ручак тваіх белых;
Поту выльлецца крыніца
З шчочак загарэлых.
Леткам ўстанеш раней зоркі,
Перша пойдзеш ў поле,
Ох, дачушка, хлеб твой горкі,
Горка твая доля!“
Маці дочку разважае,
Сябе цешыць стара;
Жаль ёй к сэрцу падступае,
Як-бы тая хмара.
Вось дзяўчына ўжо гатова,
Пакідае хатку.
„Ну, матулька, будзь здарова!“
І цалуе матку.
Вышла маці ўсьлед за ёю,
Стала пры парогу
І, падпёршы твар рукою,
Глядзіць на дарогу.
|