стужкамі павіваліся часамі палоскі вады — чыстыя, гладкія, як шліфованае шкло. Невядома, з якіх часоў стаялі над імі засохлыя старыя спарахнелыя алешыны, як сьвечкі, і маркотна глядзелі ў неба. Ад гэтых балот патыхала некім нявыразным смуткам; ціхім жалем веяла ад гэтых аднатонных малюнкаў палескіх куткоў, дзе ўсё-ж такі жыцьцё стварала свае асобныя формы і, ня гледзячы на ўсю ўбогасьць, мела сваю павабнасьць і хараство, свой твар, поўны пужлівага задуменьня. Але гэтыя малюнкі тамілі вочы і засмучалі сэрца, і мімавольна стараешся знайсьці нешта такое, на чым можна было-б адпачыць і супакоіцца.
Тарас Гушча.
5. Нашыя гасьцінцы.
Ёсьць штось нязвычайна прыгожае ў гэтых прывольных старасьвецкіх гасьцінцах на Беларусі. Шырока й размашыста пралягаюць яны ад вёскі да вёскі, ад мястэчак да гарадоў, злучаючы паветы і цэлыя краіны. Колькі хараства і чароўнага прывабу ў сініх іх далях! Колькі новых малюнкаў, сьвежых мотываў і таемных здарэньняў абяцаюць яны вачом і сэрцу падарожнага! З якою надзвычайнаю сілаю парываюць яны да сябе, і як моцна дакранаюцца да струн твае душы! Якая-ж сіла заложана ў гэтых прасторах неабнімных родных шляхоў, і якую ўладу маюць яны над табою, неспакойны, вечна заклапочаны падарожны?! Ці ня гэтая, нікім нявыказаная казка іх, якая складалася доўгімі вякамі ды запісвалася агнявымі літарамі людзкое крыўды ў сэрцах мільёнаў падарожных, што йшлі й ехалі па гэтых гасьцінцах і думалі свае думкі? Ці не яна, гэта летапісь часоў, так глыбока западае ў душу, каб адбіцца ў ёй, знайсьці свой пэўны вобраз і форму ды грознаю маланкаю жахнуць гэтую цёмную ноч няволі, што зьвісла над краем? А можа гэта таемная й страшная бязьмежнасьць блуканьня па сьвеце, дзе трудна вызначыць пачатак і канец, сымболямі якіх зьяўляюцца гэтыя гасьцінцы, авявае душу тваю нявыразным хваляваньнем ды кліча яе зьліцца з бяс-