выя соты. Хоць пчолы кусаюць яму морду, ён упорчыва ламае дуплё, дзе сядзіць пчаліная сям’я: разломіць і зьесьць з мёдам усё — соты, кускі дрэва, вашчыньне і самых пчол. Добра, калі яму гэткае пажывы хапае, а не — то з голаду мядзьведзь да скаціны лезе: няхай толькі пападзе, дык заесьць цяля, карову задушыць, нават спутанага каня здолее ў лес пацягнуць.
З людзьмі мядзьведзь ня любіць сустракацца — здалёку чуе ды ўцякае. На зіму мядзьведзь ліняе, абрастае цёплаю поўсьцю ды кладзецца ў бярлогу. Засыпае бярлогу сьнегам, і толькі праз невялікую шчыліну йдзе пара ад мядзьведжага дыханьня, і гэтак сьпіць ён да вясны. У вясну схудзелы, галодны вылазіць ён з бярлогі.
8. Птушкі — памочнікі чалавека.
Цяжка працуе чалавек на полі, у гародзе, у садзе: сее хлеб, садзіць варыва, разводзіць садавіну. І ўсюды ў чалавека многа ворагаў: бульбу чарвяк падточвае, капусту вусень зьядае, хлеб на полі псуюць жучкі, а дрэвы ў садзе чарва глуміць. Пералавіць ці патруціць усіх гэтых ворагаў чалавеку немагчыма, і сам-бы чалавек ня змог убараніць усе расьліны ад чарвякоў і шкадлівых казюлек. Яго праца зышла-б на нішто, але ён мае сабе дарагіх памочнікаў — птушак.
Самы дарагі й блізкі чалавеку памочнік — гэта шпак. Куды-б ні пашоў селянін у вясну на работу, усюды за ім ляціць шпак. І ў полі, і ў дарозе, і ў садзе — усюды шпак памагае чалавеку змагацца й нішчыць чарвякоў і казюлек. Ён разграбае сьвежаўзораную зямлю і дастае нязьлічонае мноства чарвякоў, з якіх потым вышлі-б казюлькі. Кожнае дрэўца ў садзе шпак пільна абгледзіць і вышукае там усякага чарвяка.
Вельмі карысная для чалавека другая птушка — лазараўка. Калі прыгледзіцца, як лазараўкі кормяць сваіх дзяцей, дык пабачыш, што кожная пара іх бацькоў прыносіць у гняздо да трыццаці штук вусеню ў гадзіну.