Шумлівая рэчка, цёмны лес, поле, луг і гурт старасьвецкіх дубоў, дзе асталяваўся бусел з сям’ёй, выглядалі весела, а падчас і шчасьліва, і гэтым самым як-бы пацьвярджалі, што тут і запраўды ня кепска. Але бывалі й такія выпадкі, што ўсе тутэйшыя жыхары крыху сумавалі, крыху гаравалі, — бяз гэтага не абыходзіцца ў жыцьці. І хто ведае, быць можа, чым часьцей даведваюцца да нас нягоды, тым глыбей пачуваньне цаны жыцьця, тым ясьней яго сьветлыя мамэнты.
Але самым шчасьлівым жыхаром быў тут, ведама, камень — так злажылі й згадзіліся яго суседзі: рэчка, лес і другія. І праўда, як німоцныя дубы, а ўсё-ж ткі іх матлашылі й сушылі вятры, іх паліла сонца, на іх меціліся цяжарныя хмары з залатымі стрэламі пякучых маланак, а ў час навальніцы на іх каранёх тапталіся людзі. Таксама рэчка знывала ад сушы ў сваіх берагох пад косамі гарачага сонца і агаляла сваё пяшчанае жоўтае дно. Яе чыстае лона ня раз заносілася сьмецьцем, гразёю і розным брудам няпрошаных госьцей-ручаёў, што вынікалі з ласкі навальніцы. Пра лес і казаць няма чаго. Ой, колькі раз даводзіцца яму, старому, перадрыжэць усімі жылкамі за долю сваіх сынкоў, як увойдзе сюды з бліскучай сякерай на плячох бязьлітасны чалавек! Бывалі цяжкія часы й для бусла. Не патрапіш у пару вярнуцца з выраю, намерзьнешся досыць, стоячы на гнязьдзе, і духі табе падцягне, бо дзе знойдзеш спажытак у такую сьцюжу?
А каменю што? Кажуць-жа: моцны, як камень, цьвёрды, як камень, трывалы, як камень, і маўклівы, як камень. Дык што яму дзееца тут? Ляжыць сабе, як пан, у мяккім доле. Ні дождж, ні жар для яго ня страшныя. Блісьне сонца, дзьмухане вецер — і сухі камень, і цёпла яму. І выбраў-жа, шэльма, — спалі яго сьнег! — і месца прыўдалае! Тут і рэчка табе відаць, і лес, і белыя хмаркі-гускі, што плаваюць па бязьмежнаму прастору сініх нябёсаў. А колькі жыцьця навокал яго! Чорнабровыя плісачкі любяць крыху падурэць каля каменя, а то проста сядуць на самы яго верх ды пачнуць такія гамонкі, што толькі й можна пачуць іх