у вясну. Лесавая жаўранка прылятае сюды начаваць, і, пэўна, гэта каменю пяе яна такія прыгожыя песьні, што душа замлявае. Што-ж, шанцуе яму і толькі! Кожнаму свая доля…
Так казалі суседзі шчасьлівага каменя, а ў сэрцы ўсё-ж не завідвалі яму. Аднаго толькі не маглі сьцяміць тутэйшыя жыхары: камень ніводным слаўцом ня выявіў свае радасьці, што ня мала ўсіх тут зьдзіўляла.
Т. Гушча.
14. На начлезе.
Немалады ўжо чалавек Тамаш Чучка, і не яму-б езьдзіць на начлег. Праўда, начлег не такая ўжо цяжкая рэч, але, што ні кажы, усё-ж такі старым касьцям куды ляпей было-б ляжаць на сяньніку каля печы. Але хто-ж паедзе?! Якуб можа гэтымі днямі прыедзе з плытоў, а пакуль-што трэба зьбірацца. Падапрануўшы кажушок і падперазаўшыся путам, Тамаш вышаў з хаты.
На вуліцы ўжо тупалі капытамі коні, бражджалі званкі сіпаватымі галаскамі. Начлежнікі ехалі шумна. Сярод іх было колькі дзяцюкоў, а найболей усё былі дзеці; былі тут і дзяўчаты.
Тамаш падвёў каня да плоту, каб сесьці конна. Каню, відаць, не падабаецца нясьці на сабе гаспадара, і ён, як толькі Тамаш нарыхтуецца сесьці, зараз-жа ўцякаў ад плоту. Тамаш крычаў на каня, ізноў цягнуў яго да плоту, пакуль сяк-так не ўшчапіўся конна.
Начлежнікі ўжо ад’ехалі далёка, як Тамаш выяжджаў з двара.
Начлежнікі выбралі высокі сухі груд, каб можна было прылегчы і разлажыць агонь. Кожны начлежнік вёз з дому па палену дроў, бо луг быў голы, як бубен.
Спыніліся начлежнікі, спыніўся й Тамаш. Ён спутаў свайго коніка, павесіў яму на шыю перавясла, каб заўтра скарэй яго можна было знайсьці, ды прылёг воддаль ад гэтае маладое галды.