Дождж сьціхаў, і дзе-ні-дзе з-за хмар паказалася яснае неба.
Шмат палягчэла тым дрэўцам, што асталіся ў старане; з прывычкі яшчэ пудліва паглядалі яны на дуб, што распластаны ляжаў у садзе, але ніхто цяпер ня гінуў ад вечнае засені, і ўсім стала прасторна.
Пачарнелы пень старога дуба дзіка глядзеў у высь і адзначаў месца, дзе жыла векавая сіла.
Т. Гушча.
16. Першае гора.
Першае гора сустрэла Цішку, як яму было толькі шэсьць гадкоў. Аддалі замуж яго дарагую сястру Касю. Любіў хлопчык сваю сястру, а цяпер вот пашла яна ў чужую хату. Доўга Цішка маркоціўся па сястрыцы і часта хадзіў да яе. Урэшце яму так цяжка стала без сястры, што й жыцьцё ня міла. „Вазьмі мяне, Кася, за сынка!“ кажа ён раз сястры. Кася засьмяялася ды пытае: „А мамы табе шкода ня будзе?“ Бяда хлопчыку: маці шкода! Заплакаў Цішка, але такі паставіў на сваім: забраў свае цацкі, кашулькі, нават і ката Рудзьку хацеў забраць, але малая Марылька не дала, ды пашоў.
Прышоў да Касі. Селі вячэраць. Зноў яму маркотна стала: захацелася паглядзець, як там, дома. І яны, мусіць, вячэраюць. Вышаў Цішка з хаты, падбег пад акно да сваіх, а ўсе за сталом сядзяць: скраю — бацька, каля яго — матка, а пры мацеры — Марыля, і кот Рудзька на лаўцы сядзіць. А з Марылькай заўсёды Цішка сядзеў. Раптам яму зрабілася так шкода ўсіх, што ён кінуўся пад акном ды моцна заплакаў. Выбегла маці ды ўнесла яго ў хату. „Чаго ты, чаго ты, дурненькі?“ пыталася маці. „Калі-ж я ўжо ня ваш, а мне там маркотна“, плакаў Цішка, а маці сьмяялася й цалавала Цішку.