5) НЕ пішацца яшчэ асобна тады, калі за сказам з адмоўем ідзе сказ з адваротным, супраціўным значэньнем, г. значыць, калі пасьля адмоўя стаяць злучнікі а, але (Не векавое, а ракавое. Гэта былі не разумныя, а хітрыя людзі), а таксама тады, калі пасьля адмоўя можна сказаць ёсьць: Ня дзіва (ня ёсьць дзіва), што малако сіла. Багацьце ня шчасьце (ня ёсьць шчасьце, а нешта іншае).
Практыкаваньне 29. Няпраўдаю сьвет пройдзеш, але назад ня вернешся. Пісаў пісака, што не перачытае небарака. На бітай дарозе трава не расьце. Сыты галоднаму не спагадае. З незабітага ліса шубы ня шыюць. Шкода — у дварэ няўзгода, а на дварэ непагода. Калі нярод, дык і неўмалот. Ня дзіва, што карова чорна, а малако сіва. Не называўся забытым мой край. Хто пытае, той ня блудзіць. Што сабе ня міла, таго й другому ня зыч. Мой брат здольны, але не старанны. У хаце было неахайна. Недасол на стале, а перасол на сьпіне. Чоран воран, да ня птух; хоць з крыльлямі, да ня сокал; шэсьць ног мае, зямлю капае (жук). Нявесела выглядае надвор’е ўвосень. Наш дзед стаў недамагаць. Нудна й няпрытульна навокала. Бела мыецца, да нячыста ходзіць. Вясна не мясна, а восень не малочна. Вачом завідна, да жывату не пажытачна. Дзе недагляд, там наклад. Гэта не пярэліўкі. І мала, і ня ўдала. Грозен, да ня боязен. Госьць, як нявольнік. Гулі не аднаго ў лапці абулі. Лецейка ня ўлежна, дык уежна. На табе, нябожа, што мне ня гожа. Нябітаму няма чаго плакаць.
Правіла 28. Адмоўе ні пішацца:
1) калі выражаецца поўная адмоўнасьць (ні разу, ні гугу; ні грозьбаю, ні просьбаю; ні вала, ні кала); у такіх разох вельмі часта, заместа ні, кажуць ані: Ані вухнуў, ані рухнуў. Ані вухам не вядзе. Аніяк няма спосабу.
2) калі ні можна замяніць злучнікам і (Ня ўмее ні чытаць, ні пісаць—Ня ўмее і чытаць і пісаць).
3) Калі сказ пачынаецца словамі — як, куды, каго, адкуль і інш. ды мае станоўны сэнс (Як ні круці, а давядзецца ўмярці. Куды ні кінь — усюды клін. Каго ні спытай — усе маўчаць).