Такім парадкам, наш правапіс, палажыўшы ў аснову напісаньня беларускіх слоў падвойны і нават патройны прынцып (фонэтычны, этымолёгічны й традыцыйны), дбае аб адным, каб па магчымасьці перадаць на пісьме ўсе асаблівасьці тае гутаркі беларускае мовы, якая легла ў аснову літаратурнае мовы.
Процэс вытварэньня нашае літаратурнае мовы адбыўся натуральна, вольна і без пабочнага прымусовага ўплыву, бо ў часе вытварэньня яе Беларусь ня мела адзінага каманднага цэнтру, які мог-бы пакіраваць разьвіцьцё ў свой бок, выходзячы з свайго мясцовага патрыотызму. Дзякуючы вольнаму разьвіцьцю, яна ўвабрала ў сябе ўсе чыста беларускія асобнасьці іншых беларускіх гаворак і цяпер у поўнай меры можа лічыцца сапраўды народнай, агульна беларускай мовай. Разьвіўшыся на грунце менска-віленскай гаворкі (цьвёрдае р і вялікае аканьне), яна шырока адбівае ў літаратуры ўсе асобнасьці іншых гутарак беларускага народу і заняла пануючае палажэньне. Прынамсі, дагэтуль не рабілася спроб адмежавачьня, — ніводная гаворка не памыкалася стаць літаратурнай, хоць перашкоды для гэтага ня было. Само жыцьцё паказала, якая гаворка мае найбольш сілы й здольнасьці для літаратурнага разьвіцьця. А раз вызначылася літаратурная мова, то можна было апрацаваць сталы правапіс, або аднастайнасьць пісьма.
Для навучаньня правапісу (аднолькаваму пісьму) існуе шмат спосабаў, але найлепшымі трэба прызнаць наступныя: 1) сьвядомае сьпісваньне і 2) навучальныя дыктанты.
Сьпісваньне павінна быць сьвядомае і, прытым, з памяці, каб не абярнулася яно ў мэханічнае коп’яваньне друкованага тэксту. Дзеля гэтага, трэба акуратна выясьніць правіла, а далей зрабіць папярэдняе практыкаваньне такога, напрыклад, характару. Выкладчык (настаўнік) піша на кляснай дошцы прыклад на патрэбнае правіла, зварачае ўвагу на напіс таго ці іншага слова, пры патрэбе напамінае адпаведнае правіла правапісу, а потым — прыклад завучаецца напамяць, і дзеці запісваюць яго ў сшытак. Для агульнай праверкі сьцёрты прыклад можна зноў напісаць, а дзеці павінны выправіць памылкі самі, робячы параўнаваньне напісанага на дошцы з запісам у сябе. Не бяда, разумеецца, калі дзеці не заўсёды пры гэтым акуратна выправяць. Пісаць так, каб ніколі не памыляцца, як кажа Флёраў, абсолютна немагчыма, бо й мы, стала-граматныя людзі, вельмі часта памыляемся. Такое вымаганьне ці такую пастаноўку пісьма, каб дзеці пісалі не памыляючыся, трэба прызнаць пустой выгадкай занадта лібэральных мэтодыстых.
Пры падобных папярэдніх практыкаваньнях вельмі пажадана мець друкаваныя пропісам табліцы з патрэбным тэкстам. Тады ня трэ’ было-б пісаць і сьціраць напісанае ды