зноў пісаць для праверкі. Пасьля азнаямленьня друкаваны тэкст проста закрываўся-б, і работа йшла-б далёка шпарчэй. Апроч таго, такія друкаваныя табліцы вельмі пажаданы яшчэ й дзеля таго, што ня кожны выкладчык можа выразна й прыгожа пісаць, тымчасам мамэнт хараства трэба праводзіць пры кожнай рабоце ў школе.
Пасьля такіх папярэдніх практыкаваньняў, можна перайсьці да сьпісваньня тэксту, але з такою ўмовай, каб дзеці, маючы тэкст перад вачыма, стараліся запісваць кожны прыклад напамяць, уважна прыгледзіўшыся спачатку да правапісу кожнага слова, і толькі ў патрэбных разох спраўляцца з тэкстам.
Пры сьпісваньні ня шкодзіць мець на ўвазе яшчэ й такія ўмовы:
а) тэкст для сьпісваньня трэба даваць невялікі — радкоў 10 друкаваных, каб вучань не ўтамляўся ды лягчэй-бы мог утрымаць у памяці вобразы напісаных слоў;
б) для падтрыманьня ўвагі да работы і сьвядомых адносін да яе карысна падчырківаць словы на данае правіла правапісу, прычым падчырківаць трэба старанна, акуратна, каб не псаваць прыгожасьці пісьма, і толькі патрэбнае слова або часьць яго;
в) работы няхай выпраўляюць самі вучні, памяняўшыся сшыткамі, а настаўнік забірае сшыткі толькі дзеля агульнага азнаямленьня з станам навучаньня;
г) падчырківаць памылак самому настаўніку ня трэба, бо гэта няпрыемна адбіваецца на самапавазе вучня і можа адбіць ахвоту да работы, а без ахвоты няма работы. Лепш проста памылку паправіць, а ў некаторых выпадках можна й гэтага не рабіць: памылка сама сабою выправіцца пры далейшых практыкаваньнях, і толькі пры паўторных памылках трэба зварачаць на іх асаблівую ўвагу.
Пачаўшы такое сьпісваньне з кароткіх і простых зьместам фраз, можна паступова перайсьці да сьпісваньня невялікіх вершаў і, наогул, суцэльных стацеек пасьля ўважлівага папярэдняга аналізу іх з боку зьместу й правапісу паасобных слоў.
Што да дыктовак, то яны павінны быць выключна навучальныя, г. значыць, дыктуючы трэба не правяраць ступень граматнасьці, не контролеваць, не экзаменаваць вучня, а вучыць граматна пісаць.
Такія навучальныя дыктанты звычайна ставяцца так. Выкладчык выразна чытае патрэбны сказ, дзеці праз паўтарэньне завучаюць яго напамяць; далей, зварачаецца ўвага на правапіс кожнага слова сказу; труднае або асаблівае па правапісу слова (салаўі, уе (ўе) ад віць, дождж, льлецца) выпісваецца на дошцы, а ўжо потым сказ запісваецца вучнямі ў сшытак. Пры такіх работах вельмі часта дзеці самі