напрыклад: Нью-Ёрк, рэльеф, мільён, барэльеф, мэдальён, Вільям і інш.
Пасьля чужаземных прыставак ад—, нон—, об—, суб— перад ётавымі галоснымі ставіцца апостроф (’), а ня мяккі знак, напр.: кон’юнктура, ад’ютант, об’ект, суб’ект, кон’югацыя і інш., а таксама пасьля р: кур’ер, бар’ер, кар’ера, ар’ергард і інш.
к) У правапісе чужаземных уласных іменьняў могуць быць адступленьні ад некаторых, вышэй пералічаных, правіл, каб дакладней перадаць гукавы склад гэтага слова, а дзеля гэтага ў некаторых уласных іменьнях могуць пісацца падвойныя зычныя (Эдда, Тассо, Мэкка, Мільлер, як Ганна, бонна), а літара і можа пісацца пасьля зубных і зацьвярдзелых, напр.: Люзітанія, Кадікс, Шіраз і іншыя.
Беларускія йменьні людзей найлепш пісаць так, як гавораць у народзе кожнае мясцовасьці, напр.: Язэп, Якуб, Апанас, Лукаш, Тамаш, Грыгор, Мікола, Грышка, Тодар і Хвёдар, Костусь і Канстантын, Юрка, Антось, Ігнась, Міхась, Міхал і Міхайла, Янка, Сьцёпка, Паўлюк; Ганна, Марыля і Марыся, Наста, Юста й Юстына, Зося, Алеся, Кася, Катарына й Кацярына, Аміля, Магда й Магдалена і т. д.
л) Вульгарызованыя формы некаторых сучасных чужаземных слоў у літаратурнай мове не дапускаюцца; напрыклад, трэба пісаць і гаварыць: доктар, адвокат, фэльдшэр і фэльдшар, доктрынэр, гувэрнэр, вокзал, экзамэн, аэроплян, вэлёсыпэд, інспэктар, а ня йначай.
м) У чужаземных словах дапускаюцца такія злучэньні як бю, ню, гю, невядомыя беларускай мове, у васнове слова, напр.: бюро, бюджэт, Кюрі, Гюго, Бельвю, Дэ-Бюсі, Мюзэта, Жюрі і падобн.
Практыкаваньне 42. Сьпісаць і чужаземныя словы падчыркнуць.
Пролетары ўсіх старон, злучайцеся! — пролетарскі лёзунг. Маркс і Энгельс напісалі „Комуністычны Маніфэст“. Праганяйце багоў з нябёс, а капіталістых — з зямлі! Соцыялістычная філёзофія абсолютна несумяшчальна з рэлігійнымі ідэямі. Хрысьціянскі соцыялізм — анты-соцыялізм. Беларускае Коопэрацыйна-Выдавецкае