палудзень, палуднаваць, дзе першая часьць мае форму „палу“, бо і „поў“ асобна рэдка ўжываецца.
3) Калі націск прыходзіцца на першую часьць складанага слова або на злучальны гук, то другая часьць падлягае аканьню (е застаецца, як заўсёды, пасьля націску ў аснове), напр.: поўнач, поўгада, поўдзень, дабранач, дабрыдзень, ягомасьць, імасьць, палукашак, пакацігара, сыровадка, як „непагадзь“ (непагода).
4) Калі ў тэй ці другой часьці складанага слова адбыліся фонэтычныя (гукавыя) зьмены, то такое складанае слова падлягае аканьню, напр.: галялёд (з „голалёд“), галяледзіца, санажаць, (з „сенажаць“), бадай („бог дай“), сваволя, сваволіць, (але своявольнік), канавал, канавод, (з „каня вадзіць“), кажамяка (вельмі старое слова, калі „ж“ было яшчэ мяккае), селядоршы (другі пасьля старэйшага брата); начлег, мядзьведзь або вядзьмедзь; сюды трэба аднесьці словы: сяголета, сягодня, сягоньня, сёньня ці сёньні, бо слова „сей“ цяпер асобна ніколі ня ўжываецца, а таксама: каламазь, чартапалох, Багдановіч, кашаплёт і падоб., бо тут складаныя часткі слова ня выклікаюць прадстаўленьня цэлых слоў.
5) Калі складанае слова зложана з цэлых слоў, што азначаюць назву аднаго якога-небудзь прадмета, то гэтыя словы пішуцца з злучком; напр.: айцец-маці, айцец-матка (=бацькі), браточкі-сакалочкі, вясельле-разгул, груша-сіраціна, Дунай-рака; каліна-маліна, клён-дзярэўца; малодкі-лябёдкі, малыш-каратыш; папараць-кветка, пацеха-забава, песьня-дума, песьня-весялушка, паміж пустак-балот, пушча-лес; размай-зельле, рута-мята, рыба-плотка; салавей-птушка, струны-самагуды, сын-сірата, срэбра-злота; траўка-мураўка, трын-трава; узьвей-вецер; хвоя-веліч, хлеб-соль, хлопцы-малойцы; шатавіла-матавіла, шура-бура, шчука-рыба, шчыр-бор і шмат іншых.
6) Таксама з злучком пішуцца:
а) падвойныя фаміліі: Дунін-Марцінкевіч, Лабко-Лабаноўскі, Дуж-Душэўскі, Сьвятаполк-Мірскі;
б) складаныя прыметнікі: сьнежна-белы, цёмна-сіні;
в) два дзеясловы, калі выражаюць адно дзеяньне: пацяклі-паплылі, узбудую-ўзьвяду, падхапілі-ўзялі;