л) Вульгарызованыя формы некаторых сучасных чужаземных слоў у літаратурнай мове не дапускаюцца; напр.: трэба пісаць і гаварыць: доктар, адвокат, фэльдшэр і фэльдшар, доктрынэр, гувэрнэр, вакзал, экзамэн, аэроплян, вэлёсыпэд, інспэктар, а ня іначай.
м) У чужаземных словах дапускаюцца такія злучэньні як бю, кю, гю, невядомыя беларускай мове, напр.: бюро, бюджэт, Кюрі, Гюго, Бельвю, Дэ-Бюсі, Мюзэта, Жюрі і падобн.
Практыкаваньне 59. Сьпісаць і чужаземныя словы падчыркнуць.
„Пролетары ўсіх краёў, злучайцеся!“ — пролетарскі лёзунг. Маркс і Энгельс напісалі „Комуністычны Маніфэст“. Праганяйце багоў з нябёс, а капіталістых — з зямлі! Соцыялістычная філёзофія абсолютна нясумяшчальна з рэлігійнымі ідэямі. Хрысьціянскі соцыялізм — анты-соцыялізм. Беларускае Коопэрацыйна-Выдавецкае Таварыства. У Заходняй Беларусі ляжыць цэнтр Эўропы. Гіпотэнуза, катэт і пэрпэндыкуляр. Пачатковы курс політычнае экономіі. Лёндон — сталіца Англіі. Нацыянальнае пытаньне. Студэнты Беларускага Пэдагогічнага Тэхнікуму разьехаліся на летнія вакацыі. Мілітарызм і імпэрыялізм. Тэлеграфная станцыя. Навуковы соцыялізм. Да Вялікай Расійскай Рэволюцыі на Беларусі была партыя Беларускае Соцыялістычнае Грамады. Курляндыя і Ліфляндыя — сумежныя паміж сабою. Тэхніка і супрацоўніцтва ў соцыялістычным грамадзянстве. Пролетарская ідэялёгія і ідэялёгія буржуазных кляс. Клясавая барацьба. У Фінляндыі ёсьць прыгожы вадаспад Іматра. Сумаю называецца агульны лік пры складаньні. Прамыслова-капіталістычны грамадзянскі лад. Рэволюцыя і эволюцыя. Беларускі Дзяржаўны Унівэрсытэт. Соцыяльная рэволюцыя і соцыяльная рэформа. Конфіскацыя прыватнай уласнасьці. Псыхолёгічныя падставы панаваньня пролетарыяту.
Практыкаваньне 60. Сінія хвалі шумяць і бурляць. Хвядос пайшоў да нябёс (дым). Сястра стаяла на ганку. Хата пакрыта гонтамі. Фабрычныя работнікі.