Трава на лузе зеляніць.
Аджылі дробныя мурашкі,
Чарвякі і матылькі, а пташкі
Шчабечуць, звоняць і пяюць,
Людзям ахвоты дадаюць.
Жавараначка ў прасторы
Шчабеча, як у сінім моры;
Плыве і бусел, і жураў,
І дрозд запеў і засьвістаў.
Гудзе лятучы тоўсты жук;
Балбоча ёмка цецярук;
Пішчаць дзесь чайкі на балоце;
Пліска хвастом трасе на плоце;
Турчыць працяжна жабін хор,
І дзеці рвуцца з хат на двор.
Стары Ўлас.
|}
12. Прырода гатуецца да сну.
Пакарочалі цёплыя летнія дзянькі. Перастала грэць яснае сонейка. Не падымаецца яно высока над зямлёю. Яго косы ня сьвецяць ужо так ясна. Яны ня грэюць і ня песьцяць ужо маткі-зямлі. Затуманілася неба. Няма таго дню, каб сівыя хмары ня плавалі над зямлёю. Пачаліся прымаразкі. Ліст на дрэвах пажоўк і асыпаўся, і згінулі кветкі, што ўбралі поле і луг. Ня шастаюць у траве конікі, ня гудуць каля вульляў пчолкі, не „таўкуць куцьці“ камары і мошкі. Птушкі адны за аднымі зьбіраюцца ў вялікую дарогу. Уся прырода пачынае заміраць.
Ужо і халодная восень прышла. Сонейка рэдка паказваецца з-за хмар; позна ўзыйдзе, нявысока падымецца ды зноў схаваецца. Хмары ня сходзяць з неба. У паветры ціш. Усе хаваюцца ад холаду і дажджу. Змоўклі вясёлыя птушкі-пяюхі. Ня відаць харошанькіх матылькоў. Усё пахавалася, усё пакінула нас разам з сонейкам, толькі высока над зямлёю чуваць маркотны крык жураўлёў. Борзда ляцяць яны з поўначы на поўдзень і сваім крыкам быццам шлюць нам сваё разьвітаньне.