Вось што кажа аб гэтым профэсар мовазнаўства Томсон: „Амаль ня ўсе думаюць, што граматнасьць заключаецца ў тым, каб ведаць, дзе якую ставіць літару, і што ў гэтым уменьні ставіць правільна літары заключаецца мэта навучаньня пісьму. З гэтай прычыны, пры навучаньні правапісу ў школе, прымушаюць вучыць напамяць розныя правілы і словы, паводле якіх, пасьля доўгага разважаньня, можна вызначыць, дзе паставіць тую ці іншую літару. Не зважаюць на тое, што граматнасьць павінна быць у мускулах і нэрвах рукі, у рукарухоўных і зрокавых успамінах. Прымушаючы думаць аб літарах, настаўнік проста перашкаджае набыцьцю граматнасьці, г. значыць, аўтоматычнага пісаньня, бо мысьлі аб літарах будуць перарываць ход думак пры пісьмоўным укладаньні. Ня той граматны, хто ведае, дзе якая літара павінна стаяць, а той, хто піша, заўважаючы літары толькі пасьля іх напісаньня, ды і то толькі, як сустаўныя часьці слоў.“ („Общее языковедение“, стар. 424).
2. Правапіс знакаў прыпынку, або пунктацыі.
А. Параўнаньне знакаў прыпынку на пісьме з нотамі ў сьпевах. Пры навучаньні правапісу знакаў прыпынку вельмі пажадана, каб выкладчык выходзіў з прынцыпу параўнаньня знакаў прыпынку на пісьме з нотамі ў сьпевах.
Як ведама, знакі прыпынку на пісьме маюць тое самае значэньне, што ноты ў сьпевах. Нотныя знакі паказваюць павышэньне ці паніжэньпе голасу, большы ці меншы перапынак (паўзу), фортэ, п’яно і т. д.; гэтае-ж самае значэньне маюць і знакі прыпынку на пісьме; напрыклад: пункт паказвае паніжэньне голасу і найбольшы перапынак (паўзу) пры чытаньні; коска — найменшы перапынак з невялікім паніжэньнем голасу; кропка з коскай — сярэдні перапынак з сярэднім паніжэньнем голасу; трохкроп’е або недаказ паказвае, што мова на нейкі момант абрываецца без паніжэньня голасу; двукроп’е азначае прыпынак і паніжэньне голасу з увагаю на тое, што далейшае пералічаецца або аб’ясьняецца тонам ніжэй. Клічнік можна прыраўнаць да фортэ, дужкі — да п’яно, працяжнік — гэта затрыманьне ўвагі і г. д.
Б.Знадворныя прыметы і граматычныя правілы знакаў прыпынку і іх значэньне. Сынтакс у справе пастаноўкі знакаў прыпынку дае нам знадворныя прыметы (коска перад а, але, як, дзе, які, каторы), або лёгічныя, змыславыя, ці, лепш сказаць, граматычныя правілы (выдзяленьне прыдаткаў, пабочнага слова, залежных сказаў коскамі; двукроп’е перад пералічэньнем ці перад паясьненьнем), не зварачаючы ўвагі на ўласьцівае значэньне знакаў прыпынку. Тымчасам, знакі прыпынку на пісьме ўжываюцца, сьцісла кажучы, не дзеля таго, каб выдзеліць тую ці іншую сынтаксычную форму, а дзеля таго, каб паказаць, як належыць зьмяняць інтонацыю голасу