і сухое лісьце. Над галавою бліснула маланка, а за ёю раптам трэснуў гром, аж усё затраслося і закалацілася. Кінуліся першыя буйныя каплі, і дождж з ветрам паліўся, як з вядра.
21. Вожык.
Ці трымалі вы калі-небудзь вожыка? Калі не, то папрабуйце. Гэта вельмі цікавае стварэньне, а калі ёсьць у хаце мышы, дык будзе вялікая карысьць, бо вожык умее лавіць мышы лепш за ката.
Дзікі вожык спачатку баіцца чалавека, але потым прывыкае ды пачынае жыць у хаце, як кот ці сабака. Улетку вожык есьць жукоў, конікаў, чарвякоў; узімку ловіць мышы, любіць булку з малаком, есьць і садовіну, а калі няхват гэтага корму, то будзе есьці ўсялякае мяса.
Усю зіму вожык, калі жыве на волі, сьпіць, закапаўшыся дзе-небудзь у мох. Сон гэты, як відаць, патрэбен вожыку, бо калі ня даць яму заснуць, то ўлетку ён хварэе, а часта і здыхае. Дзеля гэтага яму трэба даць заснуць хоць на адзін месяц.
У няволі вожык можа пражыць некалькі гадоў, калі яго добра даглядаць. Нядобра толькі трымаць вожыка ў хаце дзеля таго, што ён цэлую ноч шныпарыць па хаце ды не дае спакойна спаць. Але часамі ўдаецца адвучыць яго ад гэтага, толькі нельга стрымаць вожыка ў месячную ноч: тады ён робіцца вельмі рухлівым, трывожыцца ды бегае па хаце.
22. Маладыя ліскі.
Выкапаў чалавек з нары двух маленькіх ліскоў ды прынёс дадому. Яшчэ здалёк сустрэлі бацьку дзеці ды глядзелі, што гэта ён нясе ў мяшку пад пахаю. Выпусьцілі перш аднаго. Сьмешны быў маленькі зьвярок: мызка вострая, сам маленькі, рыжанькі, хвосьцік калматы. Глянуў ён на дзяцей ды, мусіць, засаромяўся, бо апусьціў вочы ўніз. Выпусьцілі і другога ліска. Глянулі яны адзін на аднаго ды стрымгалоў кінуліся ў цёмны куток.