зрабіла сваю летнюю работу выгадавала насеньне і раскідала яго па зямлі. Нават вольнае паветра служыць чалавеку вецер круціць крыльля ў ветраку і надзімае парусы на караблёх. Чалавек працуе сам і прымусіў працаваць на сваю карысьць жывёлу конь яму возіць і арэ, сабака вартуе дом. На могілках нешта плакала гэта пугач сьвістаў у гнілой капліцы. Вось на сьвеце як бывае хто працуе, той і мае.
§ 31. Знакі прыпынку ў складана-залежных сказах.
Правіла 10. 1) Залежны сказ аддзяляецца ад свайго асноўнага сказу коскай. (Ня шукайце кветак у полі, калі вясна к нам ня прышла. Кожнае стварэньне прызвычаена да таго жыцьця, якім яно жыве, і да таго месца, дзе яно жыве).
2) Калі залежны сказ стаіць у сярэдзіне асноўнага, то ён выдзяляецца коскамі з абодвух бакоў. (Сад, што быў чорны, ужо распусьціўся. Гай, што быў цёмны, зазелянеўся).
3) Сузалежныя сказы аддзяляюцца адзін ад другога, як у злучаным сказе: 1) коскаю, калі сказы кароткія, і 2) кропкай з коскай, калі сказы значна пашыраныя (разьвітыя) або маюць пры сабе залежны сказ. (Будзеш ты чытаць нам — цёмным няўмекам, што там у кнігах пішуць, што мы ў сьвеце значым, бо мы самі цёмны, сьвету мы ня ўбачым. Калі асеньнія навіны зьмянілі сад, калі з бяроз рваў лісьце вецер, а мароз, наліўшы ягады рабіны, траву губіў; калі патроху чырванелі чаромха, ліпа, стройны клён, а гнёзды змрочныя варон між голага гальля чарнелі, і грозны вечару пажар палаў між бура-сівых хмар; калі асеньні вецер дзіка стагнаў і глуха па начах грымеў у наш залезны дах, — тады да лета Вераніка ад нас зьнікала ў інстытут. М. Багд.).
4) Калі прапускаецца прычынны ці параўнальны злучнік, то звычайна ставіцца двукроп’е. (Горш, калі баішся: і ліха ня мінеш, і надрыжышся); а калі прапускаецца ўмоўны злучнік, то ставіцца працяжнік. (Лета праляжыш — зімою з торбай пабяжыш. Ня хочаш з моладасьці працаваць — будзеш пад старасьць з торбай танцаваць).