Гэй ты, Нёман, наша рэка!
Поіш ты і корміш нас,
Бедну чайку, чалавека
Ты з сабой насіў ня раз.
А вясною на прасторы
Дуб стары сярдзіта гнаў,
І насіў ты крыгаў горы,
Луг і поле затапляў.
Разьліваўся па ракітах,
Занімаў і лес і гай;
Доўгавязы плыт за плытам
Носіш ты ў далёкі край.
Колькі раз рыбацкі човен
На грудзёх тваіх гуляў!
Гэй ты, Нёман, быстры Нёман,
Колькі дум ты мне нагнаў!
Чуў ты смутак горкай долі
Свайго сына мужыка,
Чуў ня раз у чыстым полі
Плач і сьлёзы бедака
У ціхі вечар над табою
Дудка плакала ня раз,
І кацілася сьлязою
Песьня ў раньні летні час.
А на беразе, пад дубам,
Ў ночку цёмную рыбак
Спаў ня раз пад мокрым лубам,
Гнуўся з холаду бядак.
А у боры вецер кветку
Да грудзей тваіх схіляў;
І ў табе касец улетку
Пот крывавы абмываў.
Над табою месяц круглы
Ў ясным небе ціха плыў,
І з табой высокі, смуглы
Лес ціхутка гаманіў.