аднаго таго самага чужаслоўя. Подлуг гэтага яно выдзяляецца знакамі прыпынку так:
1) Калі чужаслоўе стане перад словамі аўтара, то яно бярэцца ў двукосьсе, а посьле яго ставіцца коска, клічнік або пытальнік, у залежнасьці ад характару сказу, прычым, словы аўтара пачынаюцца заўсёды з малой літары, не зважаючы на папярэдні знак. („Будзь паслушна ты, дачушка!“ навучае маці. „Птушкі — нашыя прыяцелі“, сказаў настаўнік. „Хто там?“ спытаў гаспадар, зірнуўшы ў акно).
2) Калі чужаслоўе стаіць пасьля слоў аўтара, то перад ім ставіцца двукроп’е, само чужаслоўе пачынаецца з вялікай літары ды замыкаецца ў двукосьсе, а пасьля яго можа стаяць клічнік, пытальнік, пункт або трохкроп’е, калі мова ня скончана. (Папалася лісіца ў пастку ды кажа: „Яшчэ ня позна, а давядзецца начаваць тут“. Гаспадар глянуў у вакно ды спытаў: „Хто там?“ Прышоў воўк да каваля ў кузьню ды кажа: „Перакуй, каваль, мой язык на ягнячы!“ Малая Гандзя супакойвала Васілька ды казала яму: „Ня плач!.. Я кашкі звару… Ну, ну, годзі!..“).
3) а) Калі словы аўтара стаяць паміж аднаго таго самага чужаслоўя, то яны, як пабочныя словы, выдзяляюцца коскамі, а чужаслоўе замыкаецца ў двукосьсе з адпаведным знакам у канцы. („Гэта толькі ніткі“, падумала Анелька, „а дзе-ж кашулька?“).
б) Словы аўтара могуць выдзяляцца працяжнікамі, калі яны перадаюцца ў цяперашнім часе. („Я — кажа адна капелька — была потам працавітага селяніна“. — „Я была сьлязою мацеры“ — кажа другая).
в) Калі словы аўтара разьдзяляюць цэлыя сказы аднаго і таго чужаслоўя або адлучаюць зваротак ад рэшты сказу, то ў канцы першай часьці чужаслоўя можа стаяць клічнік, пытальнік або коска, а перад другою часьцю ставіцца двукроп’е, часьці-ж чужаслоўя замыкаюцца ў двукосьсе як з аднаго, так і з другога боку. („Ведаеш, брат, што?“ сказаў Ясь свайму сябру Алесю: „Давай пашукаем грыбоў“. — „Ну, не, брат, дудкі!“ падумаў Міхась: „дурэць то я ня буду, а вот старацца, дык буду“. — „Тата!“ спытаў маленькі Міхась у бацькі: „а ці страшна ў лесе?).
4) Калі два розных чужаслоўі на пісьме стыкаюцца паміж сабою, то паміж імі, апрача звы-