12. Навальніца.
Над вялікім, даўно ўжо пакінутым і заглохлым садам зьбіралася навальніца. Цяжкія хмары паўзьлі па шэрым небе і, выцягваючы свае лапы, падпаўзалі бліжэй да сонца, каб згасіць яго. Чорныя цені, што паляглі на зямлі ад хмар, наводзілі на ўсё жывое страх.
Спужаўся і задрыжаў сад, бо прачуваў, што можа стацца, калі навальніца пачне крышыць бяз літасьці худзенькія дрэўцы, між каторымі толькі стары дуб стаяў сьмела і адважна, паглядаючы вясёла ў вочы цёмным хмарам.
Што значыць яму навальніца? Ці раз бывала, што віхры парываліся схіліць яго да зямлі, але ўсё дарма: ён мала дбаў і толькі сьмяяўся над непагодай.
Дый так, чаго, здаецца, было пужацца, калі ён пад зямлёй крэпка ўмацаваў сваё карэньне, даючы яму вольна расьці і ўшыркі, і ўдоўжкі, а над зямлёй высока дзяржаў векавую зялёную карону.
Добра ведаў стары дуб, што ўвесь сад ня меў вока на яго за тое, што карэньне забірала ад іх пажыву з зямлі, а вечная засень глушыла маладыя ўсходы. Ды такое бяды: ён меў толькі адну думку, каб як-небудзь зьніштожыць ненавісных суседзяў сваіх, а на іх месцы выгадаваць дубовы гай.
Цярпліва пераносілі крыўды засохлыя дрэўцы і час-ад-часу выміралі праз ласку дуба, жадаючы ў адплату і яму пагібелі, а той толькі рос і радаваўся, звысока гледзячы, як канчалі жыцьцё тоненькія лазінкі і алешынкі. І ніхто з іх ня ведаў, якая доля чакае таго дуба.
Тымчасам пад зямлёй, дзе крэпка сплялося яго карэньне, жыло шмат маленькіх злосьнікаў, каторыя дзень і ноч вялі пільную працу. Хоць гэта і марудная была праца, але пэўная, і праз іх ласку дуб даўно ўжо пачаў траціць сілу ў карэньні.
І настаў дзень, калі на падмогу працы схаваных маленькіх чарвячкоў наляцела шалёная навальніца, як--