Старонка:Беларускі правапіс (1927).pdf/20

Гэта старонка не была вычытаная

усё між людзей. У Вільні жыве многа народу. Няпраўда, што ў Кузьмы грошы: хіба яму хто падкінуў. Рака Нёман цячэ ў мора. Язык Кіева дапытае. У горадзе Менску многа школ. Мой брат жыве ў Магілеве. Дзядзька Янкоўскі — стары ўжо чалавек. Сьвіслач — рэчка невялічка. Майстар з Міра: што цяў, то дзіра. Не адзін Гаўрылка, што ў Полацку. Рэчка Шчара цячэ ў Нёман. Я радзіўся засьценку Няйгертаве. У Гандзі сшыткі заўсёды чыстыя. Кепска, пане Грыгоры: што далей, то горай. Каля Навасёлак цячэ рэчка Гавязянка.

ЗАДАЧКА 1-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, пункты і вялікія літары.

Нахмурылася неба сенажаць ужо скошана жыта на полі зжата птушкі перасталі сьпяваць лісьце патроху асыпаецца туман закрывае сьвет веюць халодныя вятры ідзе дробны дожджык поле ўжо апусьцела кончана работа сярпа птушкі ляцяць у вырай чуваць крык жураўлёў настала вясна прыгрэла сонейка асушылі вятры зямельку хутка расьце жыта цешыцца сэрца працавітага селяніна ціхае поле залаціцца сьпелым збожжам кожны колас наліваецца зернем пара ўжо жаць прышлі жнеі з сярпамі пачалася работа кладзецца пад сярпом збожжа у полі работа скончана трэба прымацца за малацьбу.


§ 2. Перанос слова.

Правіла 2. Калі слова на пісьме не зьмяшчаецца ў адным радку, то часьць яго пераносіцца ў другі радок. Каб правільна перанесьці слова з радку ў радок, трэба правільна падзяліць слова на склады ды пераносіць толькі цэлыя склады: са-рока, са-ро-ка, ве-рацяно, вера-цяно, вераця-но.

Адгэтуль відаць, што аднаскладовыя словы для пераносу ня дзеляцца: дом, дзень, сьнег, стол.

Пры гэтым трэба трымацца наступных правіл:

1) адна літара не пакідаецца і не пераносіцца. Прыкладам, нельга перанесьці так: у-міраць, ста-ю, я-ма;