1) Ў (нескладовае) пішацца тады, калі папярэдняе слова канчаецца на галосны гук. Напрыклад: Пусты ўлетку нашы сёлы. Было ў бацькі тры сыны.
2) Калі прыназоўнік у стаіць у сказе паміж галоснымі, то дае ў вымове в, але пішацца ў (нескладовае), напр.: Каза ўлезла ў агарод (заместа „в агарод“). Снапы сушылі ў азяродах (заместа „в азяродах“). Два мядзьведзі ў аднэй (заместа „в аднэй“) бярлозе ня месьцяцца.
3) У (складовае) пішацца тады, калі папярэдняе слова канчаецца на зычны гук, або калі перад у стаіць які-небудзь знак прыпынку, а таксама на пачатку пісьма. (Над ракой туман узьняўся. Чуцен сьвіст у полі. Усюды зелена, усё расьце, усё наліваецца).
- Увага: У вершах дзеля разьмеру можа быць ў заместа у — і наадварот. Напрыклад:
Чыстых хмарак валаконцы (Я. Колас). |
4) Пачатковае у ў чужых словах у нашай мове (ніколі не чаргуецца з ў, напр.: унівэрсытэт, унівэрсал, узурпатар, Уран, Угоршчына і г. падобн. Б. Гук і, стоячы асобна ці на пачатку слова, таксама бывае складовым і нескладовым, але пішацца заўсёды і (складовае), напр.: Пуста і гола ўсюды. Прышло і лета. Няволя і плача і скача. Павінную галаву і меч ня іме. Золата і ў попеле відаць. Конік, сошка і араты мерна ідуць па полі. Мы ішлі, яны ідуць.
Практыкаваньне 6. Работа даўно скончана. Пуста і гола ўсюды. Пачарнеў шырокі луг. Яны ўвайшлі ў хату. Хмарка на небе ўзышла. Будзе кірмаш і на нашай вуліцы. Сонейка толькі што ўзышло. Бацька і маці вярнуліся з поля. Аднаму і ў кашы няспорна. Птушкі ў лесе шчабяталі. На ўзгорку расла грушка. У чужое шчасьце ня мухай упасьці. У родным краі, як у раі. Салавей сьпяваў ў гаі. Аўдзей усё між людзей. Ляніваму каню і дубіна ня страшна. Сіла і салому ломіць. Нават свойскія качкі і гусі пачуваюць час выраю. Воўка ногі кормяць. Хто дбае, той і мае.