§ 6. Галосныя пасьля зацьвярдзелых.
Правіла 9. Пасьля зацьвярдзелых зычных ж, ш, ч, ц,[1] р, (дж) пішацца ы: жыла, жыць, шыла, чыста, рынак, бяры, дажджы, пальцы.
Таксама пасьля ж, ш, ч, ш, р, (дж) пішацца а, у, э, о: жар, жук, жэўжык, жоўты, шабля, шум, шэрсьць, шосты, час, чуць, чэсьць, чорны; гразь, гавару, грэх, сьцярог, цэп.
Практыкаваньне 11. Шыла ў мяшку не схаваеш. Папсавала гразь дарогу. Хлопчык знайшоў складаны ножык. Ажываюць яры. Шчырая праца — мазалёвая. Нашчыпайце сабе вішань! Дожджыку просіць зялёнае жыта. Хоча дажджу ярына. Нашыя сшыткі заўсёды чыстыя. У нас спраўлялі дажынкі. Ваяка ваюе, а жонка дома гаруе. Гаспадар арэ сваё поле. Рэчкі цякуць у мора. Маланка папаліла арэхі. Грэе цёплае сонца. Кожная рэч тут незнаёма. Трэба дбаць на хату. Рэчка срэбрам блішчала на сонцы. Яшчэ ня скора сьнег растане. Нас запрасілі на чэсьць. У тыдні шэсьць рабочых дзён. І за шчэпку знойдзеш прычэпку. На балоце гразка. Сад пакрыўся жоўтым лістам. Жэўжыкі абарвалі грушкі. Памарозілі шчокі. Вада патрэбна і чалавеку, і жывёліне, і расьліне. Скончыўся зараньне век твой, чалавеча! Бура з дажджом называецца навальніцай. Рупныя пчолкі гулі. Яму ўжо шосты год. Кветкі пажоўклі. Чоран мак, да смачан. Пасьмяяўся гаршчок з катла, што абое чорныя.
ЗАДАЧКА 11-ая. Сьпісаць і паставіць заместа рысак і або ы.
Ш—ла ў мяшку не схаваеш. Аж—ваюць яр—. Расталі ў небе куч— хмар. На мяж— расьце груша. Поўнач пеўн— пракрычалі. Гасьне корч—к на камінку. Папсавала гр—зь дарогу. Неба пакр—лася хмараю.
- ↑ Гэты гук „ц“ знаходзім у такіх, напрыклад, словах: палец, купец, цэп, цацка; яго ня трэба зьмешваць з „ць“, што з мяккага „т“. Выключэньнем можа быць толькі слова „цьвет“.