в) Дзеяслоўныя прыметы падлягаюць правапісу прыметнікаў: зроблены стол, зробленая хата, зробленае акно; зробленага стала, акна; зробленай хаты; зробленым сталом, зробленаю ці зробленай хатаю; на зробленым акне, у зробленай хаце і т. д.
2) Дзеяслоўныя прыслоўі выводзяцца ад 3-яе асобы множнага ліку, дзеля чаго ў І-м спражэньні канчаюцца на учы—ючы, а ў ІІ-м — на ачы—ячы: яны кажуць, мыюць — кажучы, мыючы; яны гавараць, стаяць — гаворачы, стоячы.
Практыкаваньне 53. Галоднаму асьцюкі ня колюцца. Гавораць, гамоняць, а ня ведаюць, дзе звоняць. І кормяць, і пояць, і вочы колюць. Глухі не дачуе, дык прыложыць. Вымету разком — вывезу вазком. Далей паложыш — бліжэй возьмеш. Прочкі ходзяць без сарочкі. Калі не нажнём, то і не назьбіраем. Не ўрадзіў мак — перабудзем і так. Калі не намалоцім, то і не накалоцім. Тады пабачым, як заплачам. Гаворыце, гамоніце, а ня ведаеце, дзе звоняць. Што пасееце, то і сажняце. Калі гаспадар у карчме скача, то гаспадарка ў дварэ плача. Маеш статак, мусіш мець і ўпадак. Многа ложыш, да мала можаш. Ня там траціш, дзе купляеш, а там дзе прадаеш. Праворны ўсюды пасьпее. Нуда бядзе не паможа. Каяньне позна ходзіць. Гоянае раны ня трэба дражніць. На чужы лоб шыбаючы, трэба і свой падставіць. Ой пайду я гукаючы, свае долі шукаючы. Каля вады ходзячы, абмочышся. Пасеяўшы на ўсходу, не чакай харошага плоду. Сьліны не падымеш, а слова ня вернеш. Ходзіць ціхенька, а думае ліхенька. Што там дзеецца — і бяжыць, і грэецца? Браць — бераце, а не аддаяце.
Практыкаваньне 54. Сьпісаць і дзеясловы падчыркнуць.
Летняя ноч.
Ціха на землю спушчаецца ноч. Усё заціхае. Птушкі перасталі сьпяваць і дрэмлюць на сваіх седалах. Край неба, дзе зайшло сонца, блішчыць шырокаю чырвонаю стужкаю. Тонкія лёгкія хмаркі ахварбаваліся ў залаты колер. Белаватаю пялёнкаю ўздымаецца туман над лугамі. Цемната ўсё гусьцее і гусьцее ды