Правіла 100. 1) Прыйменьнік аб, калі стаіць перад займеньнікам мне і прыйменьнікі над, пад перад з (с), калі стаяць перад займеньнікам мною, пішуцца з устаўным а, прыкл.: аба мне, нада мною, пада мною, перада мною, са мною.
2) Калі прыйменьнік з (с) стаіць перад зьбегам двух ці болей зычных у пачатку слова, асабліва калі першы зычны будзе з, с, ж, ш, то часта пішацца праз са: са зброяй, са стрэльбай, са жнеямі, са школай, са мною.
3) Прыйменьнік у, які вытварыўся са старога въ, перад зьбегам зычных, асабліва перад у, пішацца праз ва: ва усе, ва усіх, ва мне.
Правіла 101. Калі прыстаўкі -аб, -ад, над, -пад, раз, з (с), уз — стаяць перад словам, якое пачынаецца зьбегам двух і болей зычных, асабліва калі у зьбегу зычных перад прыстаўкаю знаходзяцца гукі р, л, м, н, дык часта паміж прыстаўкаю і словам устаўляецца а і таму выходзіць: аба, ада, нада, пада, раза, са, уза, напр.: абарваць, абамлець, абаўю, адамкнуць, адагрэць, адазваць, надарваўся, падазваў, разабраць, разальлецца, сарваць, сабраць, узарваць.
- УВАГА: Паміж прыстаўкамі з зычным на канцы і словам ходзіць звычайна устаўляецца ы: узыходзіць, падыходзіць, абыходзяць, адыходзяць, сыходзяць.
Правіла 102. Складаныя прыйменьнікі пішуцца са злучком: з-за, з-пад, па-над, па-за.
§ 10. Правапіс злучнікаў
Правіла 103. Складаныя злучнікі пішуцца зьлітна, напр.: абы, ажно, або, ато, аднож, каб, быццам, нашто, зашто, затым, затое, прынамсі.
Правіла 104. Складаныя злучнікі: нашто, зашто, затым, затое трэба адрозьніваць ад займеньнікаў з прыйменьнікамі або дапаможнікамі, бо займеньнікі пішуцца асобна ад другіх словаў, прыкл.: «Нашто дарма траціць час?», але: «На што паставіць лямпу?» — «Затым мяне ня было дома, што я быў на працы», але: «За тым домам быў вялікі сад». У першых сказах словы: нашто, затым — злучнікі, а у другіх сказах словы: на што, за тым — займеньнікі і дзеля таго напісаны асобна ад прыйменьнікаў на, за.
§ 11. Правапіс часьцінак
І. Правапіс адмоўя не (ня)
1. Правіла 105. Адмоўны дапаможнік не (ня) з наступнымі за імі словамі пішацца зьлітна і асобна.
А. Зьлітна не (ня) пішацца у наступных разох: