Б. Правапіс іншамоўных словаў
а) Правапіс галосных
Правіла 109. Словы іншамоўнага паходжаньня падпарадкуюцца правілам аканьня што да о і таму о пішацца толькі пад націскам; ненацісьненае о заўсёды пішацца праз а, прыкл.: рэвалюцыя, каапэрацыя, палітыка, эканомія, арыентацыя, праклямацыя, маналёг, сацыялёгічны, нацыянальны, геамэтрыя, геаграфія, прафэсар, рэдактар, камітэт, сацыялісты, эвалюцыя і г. д.
Але у тых выпадках, калі паўстае небясьпека блытаніны, ненацісьненае о захоўваецца, прыкл.: онталёгія (навука аб быцьці) і анталёгія (выбар вершаў).
Правіла 110. На канцы іншамоўных словаў ненацісьненае о (ё) захоўваецца, прыкл.: нэто, бруто, какао, франко, інкогніто, крэдо; радыё, трыё, солё.
- УВАГА: У спэцыяльнай навуковай літаратуры у іншамоўных малапашы́раных словах дапушчаецца напісаньне ненацісьненага о у пачатку і у сярэдзіне слова.
Правіла 111. Іншамоўнае е перадаецца на пісьме літараю э. Толькі пасьля л, г (g), к пішацца е, прыкл.: календар, плеяда, элемэнт, легенда, элеватар, тэлефон, тэлеграф, дэлегат, геолёг, альгебра, геамэтрыя, геаграфія, геадэзія, лягер, генэрал, агент, цынгель, Гедымін, анкета, анкер, букет, як у словах абеларушчаных: лейцы, глеба, талерка, шмалец, колер, ангельскі, гестка, банкет, кецка, кілішак (з «келіх»), кірмаш (з «кермаш»).
- У пачатку-ж слова і пасьля іншых зычных пішацца э, прыкл.: фанэтыка, эпапэя, эрмітаж, этыка, элегія, экспэрымэнт, экспэдыцыя, дэбаркадэр, сэрвіз, арсэнал, сэлекцыя, сэнсацыя, сэмэстар, сэанс, сэзон, тэатар, пэдагогіка, мэтодыка, рэспубліка, тэлеграма і інш., як і у словах абеларушчаных: імпэт, пэрлы, сэсія, пасэсар, фэст, хвэбра, экзамэн, хэмія.
Правіла 112. Ненацісьненае э (е) у іншамоўных словах на пісьме захоўваецца, напр.: рэвалюцыя, дэлегат, эканомія, элемэнтарны, дэкрэт, дэкада, рэспубліка, рэвізор, рэпутацыя, тэарэма, рэгістратар, рэзалюцыя, тэмпэратура, тэрмомэтр, тэхнічны, рэжым, рэкорд, рэглямэнт і г. д.
Але у некаторых даўно запазычаных і агульнаведамых словах заміж ненацісьненага э пішацца а, прыкл.: аканом, рамонт, літара, літаратура, сакратар, гандаль, дакляраваць, матар’ял.
Правіла 113. Іншамоўнае je перадаецца праз е: праект, рэестар, рэльеф, бар’ер, траекторыя.
Правіла 114. Іншамоўнае i пасьля зацьвярдзелых (ж, ч, ш,