аднолькавыя часьціны сказу зьвязваюцца гэтымі злучнікамі, дык коска ня ставіцца, прыкл.:
Восень халодная, чорная, хмурная сунецца ціха, нячутна штодня.
Кругом круціць завіруха, гуляе, шуміць.
Стаіць машына, грозна дыша і сівым дымам цяжка пыша.
Стогне, плача і галосіць завіруха злая.
Жыта сушаць на сонцы ці дома на печы ды мелюць на жорнах або у млыне.
Калі аднолькавыя часьціны сказу зьвязваюцца паўторнымі злучнікамі, дык паміж імі коска ставіцца, прыкл.:
То лясок, то луг, то поле, то лужок зялёны.
У раньнюю вясну ні у полі, ні у лесе няма ні ягад, ні грыбоў.
Калі аднолькавыя часьціны сказу зьвязаныя злучнікамі а, але, ды (=але), дык яны аддзяляюцца коскаю, прыкл.:
Болей слухай, а меней гавары.
Жыта злажылі, ды не надоўга.
Сонца яшчэ не узыходзіла, але ужо павеяла халадком.
Ідзі, да ня баўся.
2) Для выдзяленьня звароткаў, прыкл.:
Сонейка, чаму Янава ночка невялічка?
Сьпі, мой міленькі сыночак!
Глянь ты, слаўны ўладар, на палеткі свае!
Гэй ты, Нёман, наша рэка!
Эй ты, разводзейка, эх ты, бурлівае!
Ня кукуй ты, шэрая зязюля, сумным гукам у бары! (М. Багдановіч).
3) Для выдзяленьня пабочных словаў і сказаў, калі яны не выдзяляюцца дужкамі або працяжнікам, прыкл.:
Напішы мне, калі ласка, пісямко да хаты.
Ой, відаць, на навальніцу зранку прыпякае!
На вялікай, знаць, быў згубе у далёкай старане.
Ох, паплыў-бы я, здаецца, хмаркі разам з вамі!
4) Коска ставіцца для выдзяленьня выклічнікаў, калі пасьля іх не стаіць клічнік, прыкл.:
Эх, час касьбы, вясёлы час!
Ах, як стрэлка марудна ідзе!
Вясна, вясна! О, колькі у табе шчасьця! О, колькі радасьці прыносіш ты з сабой!
«Ого-го-го, брат!» — дзядзька кажа, — «цяпер зіма напэўна ляжа».
- УВАГА. Калі выклічнае слова цесна зьвязана у вымаўленьні з іншымі словамі, дык коска пасьля гэтага слова ня ставіцца, прыкл.:
- Гэй ты, Нёман, быстры Нёман,
- Колькі дум ты мне нагнаў!
- Ой ты, вецер, ня шумі, не сьпявай так нудна!