- Эх ты, разводзейка, эх ты, бурлівае!
5) Коска ставіцца пасьля адмоўных і пацьвярджальных дапаможнікаў, не, так, але, прыкл.:
Не, ня гэтага я спадзяваўся!
Так, так, іначай бывала: не называўся забытым мой край.
Але, гэта было так.
6) Для выдзяленьня адасобненых азначэньняў і дзеяпрыметных зваротаў, калі яны стаяць пасьля слова, да якога адносяцца, прыкл.:
Адны толькі стагі, парыжэлыя ад сонца, стаялі на грудочках.
Таўстыя, старыя хвоі, аброслыя мохам, гарэлі, як сьвечкі.
Дзед, звычайна вельмі гаваркі, цяпер маўчаў.
Лес, атулены змрокам і цішынёй, стаяў нярухома.
Паабапал дарогі стаіць лес, сівы ад інею.
- УВАГА: Прыметныя і дзеяпрыметныя звароты перад словам, да якога адносяцца, аддзяляюцца коскамі, калі можна паставіць дзеяпрыслоўі будучы ці быўшы, прыкл.:
- Поўны новых сіл і сьветлых надзеяў, я сьмела ішоў наперад.
- Густой апрануты ліствой, штось шэпчуць вербы між сабой.
7) Пры дзеяпрыслоўных словазлучэньнях, прыкл.:
Гальлё спусьціўшы над парканам,
Расла тут грушка з тонкім станам,
А каля хаты, у садочку,
Схіліўшыся ціхенька у куточку,
Стаялі вербы дзьве старыя.
Цяжкія хмары паўзьлі па шэрым небе і, выцягваючы свае лапы, падпаўзалі да сонца.
Зябнуць вербы на маразе, прытуліўшыся к страсе.
- УВАГА: Дзеяпрыслоўі без даданых словаў коскамі не выдзяляюцца, прыкл.:
- У хворага пытаюць, а здароваму ня пытаўшы даюць.
- Хто з вас гуляючы не узьбягаў на круглыя горкі мурашніку?
8) Для выдзяленьня адасобненага прыдатку, калі ён не выдзяляецца працяжнікам, прыкл.:
Праляцела борзда лета, наша сьветлая пара.
З поўначы холаду, сіверу буйнага, гусі на поўдзень ляцяць.
Грышка, хлопчык невялічкі, выйшаў з хаты у поле.
Мне тыя казкі і легенды, глыбокай спадчыны дары, дзядуля-лірнік падарыў.
Калі прыдатак злучаецца з азначальным словам такімі словамі, як: або, ці, нават, асабліва, г. значыць і іншымі, дык перад гэтымі словамі ставіцца коска, прыкл.:
Па моры ходзяць караблі, або вялікія параплавы.
Ярына, асабліва пшаніца, сёлета была вельмі умалотная.
У поўдзень, у самую сьпеку, нават лісты асіны не варушыліся.
Стэп, ці бязьлесная раўніна, шырака расьсьцілалася перад нашымі вачыма.