І.
Многа горай, ніж то для рабочых і сялян іншых нацый, складалася гістарычнае жыцьцё беларускіх рабочых і сялян. Беларусь на працягу многіх вякоў трымалася ў становішчы „забранага краю" — перш польскімі панамі, шляхтай, а пасьля падзелу Польшчы на Венскім конгрэсе,—расійскім самадзяржаўем. Экономічна-нацыянальная прыгнечанасьць беларускага працаўніка пад Польшчаю зьмянілася расійска-бюрократычным уціскам з боку царскае Расеі. Ні культурнага разьвіцьця, ні тым болей дзяржаўных замераў доўгі час беларускія працоўныя гушчы не маглі выяўляць. Польская шляхта трымала асьвету для сябе, робячы непераможныя перашкоды да яе беларускаму селяніну, рамесьніку. Пры гэтым зацікаўленасьць у безгалосай пакоры з боку цёмнага нявольніка не выпускалася з выгляду.
„Вызваленьне расійскае народнасьці" царамі таксама не прынясло ні каліва палёгкі ў долі беларускага працоўнага народу. Апаска сэпаратызму, прэтэнзіі „гістарычныя" на Беларусь (з боку пераможанай шляхты), патрэбнасьць насадзіць ісьцінна-рускі дух і пачуцьцё да самадзяржаўнае улады, дыктавалі апошняй праводзіць гострую русіфікатарскую політыку. Няпрыхільныя і варожыя адносіны да Расіі з боку польскага грамадзянства, паўстаньне 1831 году, а пасьля ў 1863—не супынялі срогіх рэпрэсій, якія кіраваліся на ўсе праявы грамадзкага, політычнага і культурнага жыцьця „Паўночна-Заходняга краю". Патрабаваліся гэткія магутныя фактары, як прайграная вайна пад Сэвастопалем, агульна-расійскае абурэньне ў выглядзе паўстаньняў сялян, вымушанае „вызваленьне сялян з прыгону" і захапленьне глыбока запаўшымі ідэямі соцыялізму, каб паціху зарухала беларуская грамадзкасьць, каб паўстала беларускае нацыянальнае пытаньне.
Піонэрамі, якія паднялі яго, былі выхадцы з дробнае польскае шляхты і ў рэдкіх выпадках -„простолюдины". У цэ