лым, беларускія працоўныя гушчы аставаліся глухімі і далёкімі ад яго. Нават зьяўленьне народавольніцкага ўплыву сярод беларускай шляхецкай інтэлігэнцыі і ў беларускай літаратуры (Ф. Багушэвіч, Янка Лучына) не прапіхнулі гэтага пытаньня ў народ. Ім захаплялася моладзь, часткаю розначынная, далёка адступіўшая ад зямельнае шляхты, больш чулая да радыкальных, а ня то і соцыялістычных ідэй (1890 годы), але пакуль нельга было прымеціць народнае інтэлігэнцыі. Невялічкія кадры яе, што прайшлі праз сэмінарыі (настаўнікі), што выбіліся ў паштавікі, аб'езчыкі ды інш., занадта тоўста аблажыліся русіфікатарствам. Рамесьніцтва і рабочыя дробных фабрык, толькі-толькі пачынаючы політычна прасьвятляцца, не атрымоўвалі чулага імпульсу да нацыянальных проблем.
Нараджэньне краёвых нацыянальна-соцыялістычных партый, як „Бунд“ і соц. дэм. Літвы ды Польшчы, унёсшы ў програму нацыянальнае пытаньне, кінулі яго ў жыдоўскія, а разам і ў беларускія працоўныя гушчы. Заснаваньне Беларускае Сацыялістычнае Грамады ў 1903 г. болей падало гэтыя лёзунгі ў беларускае сялянства. Але толькі выбух 1905 г. шырока разьвярнуў помеж з рэволюцыйным змаганьнем і беларускую нацыянальную проблему. З гэтага часу яна перакінулася да народнае інтэлігэнцыі, а праз яе—да сялянства і рамесьніцтва. Упяршыню ўвайшло ў абыход слова Беларусь, беларускі. З гарадоў—трапіла ў глухія куткі, чапіла думкі і пачуцьці.
Чым далей, тым глыбей ды глыбей прабівалася беларускае нацыянальнае пытаньне ў беларускі народ. Водлуг яго культурнага ўзроўню—сустракалася прыхільна. Усё перадавое, чаго ня раніла рука русіфікатара чыноўніка ці папа, прыставала да ідэі народна-нацыянальнага адраджэньня. Вырасла літаратура, тэатр, дасьледваньні. Хуткі ўзрост нацыянальнае сьвядомасьці сярод беларусаў зацікавіў суседнія народы—літоўскі, украінскі, польскі, чэскі. Польскія лібэральныя колы сустрэлі вельмі спачуваюча гэта нараджэньне саюзьніка ў наступным змаганьні супроціў самадзяржаўнага прыгнятацеля. Толькі рэакцыянэры-паны яхідна падсьмейваліся над „хлопскім мудрагэльствам", бачачы ў беларускім руху расійскую інтрыгу. У унісон—не аставаліся моўчкі і краёвыя русіфікатары.
Але гісторыя апраўдвала нямінучую патрэбу нацыянальнага адраджэньня беларускага працаўніка. К часам рэволюцыі 1917 году яно настолькі ўвашло ў адзнаньне шырокіх беларускіх мас, што апошнія конкрэтна паставілі задачы дзяржаўнага будаўніцтва свае краіны, пакутнае Беларусі. Раптоўнае захапленьне ў гэты час беларускім нацыянальна-рэволюцыйным рухам тысяч рабочых Беларусі, тысяч сялян-бежанцаў, дзесяткаў тысяч салдат, намячала найбліжэйшае іх вырашэньне. Зьезды і нарады беларускіх партый, войска, сялянства ўве