джэньня. Няўдачы Чырвонае арміі пад Варшаваю на першы час перашкаджалі гэтаму і фактычна, да 1921 году нельга было стала ўзяцца за нормальную працу. Нават Рыскае замірэньне мела сумны ўплыў на беларускіх працаўнікоў і на іх працу. Аднак справа не чакала—трэба было не адставаць ад жыцьця. І беларускія працоўныя гушчы на чале з Комуністычнаю Партыяй і Савецкаю уладаю Беларускай Рэспублікі самазабыўна аддаліся будаўніцтву краіны. Ува ўсіх галінах політычнага і гаспадарска-культурнага жыцьця закіпела работа. Скуткі окупантаў—поўнае зруйнаваньне краю—час-ад-часу пачало згладжвацца. Але стараньню беларускіх рабочых і сялян упоперак стаў бандытызм Савінкава, Балаховіча і многіх меншых польскіх агэнтаў. Прышлося аддаць шмат сіл на зьнішчэньне гэтага зла. Амаль ня цэлы 1921 год вымагаў барацьбы з бандыцтвам. Але ўсё-ж на працягу яго нясупынна расла й паглыблялася організацыйна-дзяржаўная праца. Асабліва шырокі гмах насіла яна ў галінах урэгуляваньня зямельнага пытаньня і ў пастаноўцы культурна-асьветнай справы. Народныя Камісарыяты Земляробства і Народнае Асьветы, як самастойныя, мусілі ўзлажыць на сябе найболей шырокія заданьні дзеля ажыцьцяўленьня соцыяльных рэформаў у галінах землябудаўніцтва і культурнага адраджэньня. Іх праца зразу й прыняла шырокі размах.
У першыя часы на чале Камісарыяту Земляробства Савецкаю ўладаю быў пастаўлены тав У. М. Ігнатоўскі. Аднак праз нейкі час ён заняў кіраўніцтва Народным Камісарыятам Асьветы. Гэты апошні, паміма агульных заданьняў праводзіць асьвету, меў дырэктывы рэгуляваць правядзеньне асьветы ў рамках вырашэньня нацыянальнага пытаньня. Патрабавалася вырваць частку настаўніцтва з цэпкіх лап заядлага русіфікатарства з аднаго боку, з другога—адбіць насядаўшы шовінізм у другой часткі настаўнікаў, патрабавалася вывесьці школу на Беларусі з яе ненормальнага становішча ў сэнсе прыстасаваньня да беларускага працоўнага сялянства і паставіць на шлях разьвіцьця, які перадуказываўся Комуністычнаю Партыяй; патрабавалася ахапіць сваім кіраўніцтвам усе галіны шырока паўстаўшай да разьвіцьця беларускае культуры. Наркамасьветы срога і цьвёрда сумеў ахапіць усё гэта і на працягу 1921 году падлажыць крэпкі фундамэнт пад беларускую культуру.
1924 год і амаль ня ўвесь 1923 аддаліся далейшаму разьвіцьцю і ўзмацненьню Савецкае Беларусі. І за адмечаны тэрмін савецкае будаўніцтва ў краі дасягло настолькі вялікіх посьпехаў, што Беларуская Рэспубліка нагнала іншыя саюзныя рэспублікі і ў некаторых адносінах нават апярэдзіла іх. Паміж іншым гэта апераджэньне трэба адмеціць і ў культурна-асьветнай працы. І густата сельскай школьнай сеткі, і аплата настаўніцкага пэрсоналу, і забясьпечаньне падручнікамі ў Беларускай Рэспубліцы стаяла вышэй суседніх губэрань. У справе