■
Ураньні — ідуць у атаку. На каго?.. Расійскія акопы пустыя. Займаюць.
Ідуць далей. Вось яны: — чыгункі, шашы, шляхі, праз сёлкі, пралескі, грэблі… Вось яна, — Беларусь, — край лясоў і балот…
І ўсюды — пакінутыя двуколкі, паходныя кухні, знарадныя скрыні, гарматы… Дзе „вораг“? Ня відаць?
Вось і Менск. У ім — нейкія беларусы і палякі… Беларусы — аддаюць зброю. Палякі адыходзяць кудысьці на ўсход… Жалезнаю хадою, бадай не сустракаючы перашкод — ідуць немцы далей і далей. Вось Барысаў, Бярэзіна… Вось Дняпро, Ворша…
Стоп!..
Расійцы згадзіліся падпісаць берасьцейскую згоду…
■
Блакітнай істужкаю цягнецца Дняпро…
… Мяжа…
… Згода цяпер… Згода?.. А газэты — у іх працяг…
„Пад Вэрдэнам бойкі ідуць сваёю чаргою…
„Мы пасунуліся на 50 мэтраў далей, наперад…
„На Ўкраіне звольнены ад бальшавікоў Кіеў і Палтава“…
■
А згода?..
Гаўптман Орфайген у панскіх пакоях.
Ля ганку — варта. Адзін з вартаўнічых — Альфрэд Кляйн…