Да пакояў пад‘яжджае фурманка.
Выходзіць нейкі цывільны: ладны гарнітур, крахмалёвая манішка, гальштук…
Панямецку:
— Хто тут у вас старшы?..
— Пане гаўптман, вас пытаюцца…
— Дазвольце пазнаёміцца: — уласьнік гэтага маёнтку, — князь Рудзінскі…
— Вельмі прыемна… Вельмі… Гаўптман фон-Орфайген.
І тады: тры дні з панска-афіцэрскага стала ня зыходзяць бутэлькі. Банкет — як мае быць. Чацьвёрты дзень. „Войт“ рассылае „старостам“ паперкі. У вёсках сходы. Чытаюць: … загадваю зьвярнуць усё, што толькі хто забраў… … Адказваюць як паасобныя грамадзяне, гэтак і цэлыя вясковыя грамады…
Тры дні, — глядзіць Альфрэд: з усіх суседніх вёсак ідуць фурманкі.
Тры дні вязецца панскае барахло.
Чатверты дзень — фурманак менш.
Пяты дзень — адна фурманка.
Шосты — фурманак зусім няма.
— Ну, што, пане княжа, вярнула вам гэтае быдла ўсё, ці ня ўсё?
— Коні не хапае — штук пятнаццаць; кароў штук дваццаць; ды дробязі — плугі, бароны, гадзіньнік насьценны…
І тады — зноў новы загад: тое, тое і тое — вярнуць. Тэрмін — сорак восем гадзін.