Раптам —
выскакваюць з-за вугла „яны“ —
гусары крывавага здрадніка — Носкэ.
Дымам абгорнутыя шчаціняцца стальлю багнэтаў барыкады…
На Францішканскай — таксама барыкада, а за ёю — чалавек дзесяць, — шэсьць рабочых і чатыры — у вайсковай вопратцы.
Тут Альфрэд Кляйн.
Чорненькі Морыц — ляжыць і кіруе кулямётам.
Падбягае нейкі рабочы:
— Са штабу званілі — у што-б ні стала — трымайцеся… — падмогі няма… сіл мала… зойдуць у тыл нашым тады…
Белыя нешта рыхтуюць. Занадта падазроная пануе цішыня.
… Бжжжж — гудзе аднекуль пчала-куля. Морыц са стогнам коціцца ў бок ад кулямёта. На зьмену падбягае нейкі кудлаты.
— Дрэнь справа, — прабраліся, відаць, у той дом, направа, — стрэл здаецца адтуль быў…
… Бжжжж — зноў гудзе куля. Адзін з рабочых кідае стрэльбу. Пачынае нібы лавіць рукамі паветра. Нарэшце — пахістаўшыся з момант — падае ніц.
… Бжжжж… Бжжжж…
Яшчэ два.
— Ага? — гэта вось з таго вакна, налева!..
Альфрэд туліцца да ганку дома і ўскідвае стрэльбу. Цэліцца. Бжжжжж…