… Да прахадзячага:
— Пліз, сэр!.. Як прайсьці на Францішканскую вуліцу?..
Вочкі прахадзячага загараюцца нядобрым агоньчыкам. На твары — сьпярша злосьць, потым — нейкая нерашучасьць. Панямецку:
— Вы амэрыканец?..
Люлька вымаецца з зубоў: —
— Ай ду нот сьпік джормэн! Пліз?..
Зноў зялёны агоньчык у вочках, і, — раптам:
— Ангелец!.. Сабака!.. Паводле вымовы пазнаў!.. Сволач!.. Бі ангельца!.. — — —
Падлятае некалькі падазроных кацялкоў, кепак, капялюшоў. Мільгаціць нечы кулак. Люлька абрысоўвае ў паветры дугу і ляпіць на брук. Падымаецца хваля нейкага шалёнага гармідару…
Праз пяць хвілін — падбег шуцман, стаў ля вулічнага ліхтара перад тэлефоннай скрынкаю.
— Альлё!.. Поліцай-прэзыдыум?.. Прышлеце барджэй на Фрыдрыхштрасэ машыну, забітага забраць… Што?.. Так… Ангелец… Ля майго посту сёньня — пяты…
Пад‘яжджае машына.
Праз пару хвілін — яна ад‘яжджае. Вось — зьнікла…
Дворнік шчоткаю чысьціць кроў з панэлі… На бруку — адзінокая люлька… Ня дыміць… — Патухла.
З-за рогу выходзіць нейкі абарванец.
Вочы прагавіта ўзіраюцца ўва ўсе бакі.
— А!.. Люлька!..