А ў Бэрліне — жыцьцё ішло — сваёй — не сваёй чаргою — але ішло, — пасоўвалася наперад — як пасоўвалася наперад вайна, войскі (чые? — хто іх разьбярэ!), як пасоўвалася наперад сьмерць, хваробы, пошасьці, голад…
Рог Бэрнардынскае і Моабіцкае вуліцы. Хлебная крама. Стаіць чарга. Чалавек пяцьсот. Хто? — Жанчыны, дзеці, старыкі.
Вось — цётачка Элізабэт.
Атрымала яна, старэнькая, свой кавалачак хлеба, — 250 грам, ды кілё бульбы, — цяжка, старэнькай, але нішто: нясе гэта, бы каштоўнасьць якую, дахаты…
… „250 грам хлеба!..“
… „На тыдзень…“
… „І бульбы… 1 кілё…“
… „Таксама на тыдзень…“ — — —
— Бэрлінэр Тагэблят!
— Бэрлінэр Тагэблят!..
— Бэрлінэр Тагэблят!..
— Турэччына выступіла супроць хаўрусьнікаў!
— Бэрлінэр Тагэблят!
— Бэрлінэр Тагэблят!
— Бэрлінэр Тагэблят!.. — — —
… „Турэччына… Гэта добра, думае старэнькая. Цяпер — будзе хутка хлеб… Вайна скончыцца.
… Бо немажліва-ж…
— „250 грам хлеба!..“