А ў „Паляс-Отэлі“ — вокны яшчэ задрапаваны цяжкімі ваўнянымі фіранкамі. Там — яшчэ ноч, Там — не сьпяшаюцца…
■
У Шарлётэнбургу, у вільле-Вэск — таксама, фіранкі яшчэ не падняты, там яшчэ ноч, усе сьпяць… Ня сьпіць толькі старая баронэса: старая, — шэсьцьдзесят год; бяссоньне турбуе яе ўжо даўно (старасьць — ня радасьць). Удзень баронэса кладзецца спаць некалькі разоў; за абедам вочы зьліпаюцца (вядома, як пастарэла, так і сапсела), па абедзе зноў кладзецца спаць, а ўначы — бяссоньне: сэрца б‘ецца. Маладая „компаньонка“ кроплямі яе частуе: бяз лекаў сама ня сьпіць. Баронэса вельмі зморана, знэрвавана: кіраўнік спраў штодня робіць мэльдунак — валюта падае; дзяржаўная рэнта таксама; расійскія пазыкі на біржы ня котыруюцца; грэцкія — ня варты і ламанага шэляга; акцыі Багдацкае чыгункі, Золінгенаўскія, Усходня-Афрыканскія, Вэст-фальскія — падаюць штодня. А сын — малады барон Вэск — „на фронце“ (— у штабе Ўсходняга фронту), у Расіі, ў Коўні (ці як там завецца той гарадок?) — страшна, каб не загінуў ён там: вайна — штука жорсткая, бязьлітасная… Вось цяпер — добра: прыехаў сынок на два тыдні на пабыўку, нішто яму не пагражае. Адпачне, павесяліцца крыху…
— Эньні, — зьвяртаецца баронэса да сваёй „компаньонкі“, — што, барон прыйшоў?