Паводкаю расплыліся па горадзе мільённыя масы Людзі ходзяць, зьбіраюцца, разыходзяцца гамоняць. Людзі спрачаюцца, страляюць, сьпяваюць. Нехта мітусіцца ў апошняй сьмяротнай агоніі. Нехта заклікае да змаганьня, заходзіцца яго організаваць. Нехта прабуе выплыць на паверхню разбоўтанае муці, і зрабіцца новым урадам; новым „начальствам“. Выйшла мора чалавечае з берагоў, палілося ва ўсе бакі тысячамі рэк, рачушак і ручайкоў. Ледзьве-ледзьве ўціскаецца яно ў вузкія рэчышчы вуліц і завулкаў. Бура раве, гудзе, сьвішча, а над усім — чырвоныя сьцягі і сьпеў:
„Адрачэмся ад старага сьвету“.
І яшчэ там, на ўсходзе, — але ў другім месцы — недзе між Псковым, Балагім і станцыяй Дно носіцца ашалелы цягнік, мітусіцца — ня можа знайсьці выхаду. І другі цягнік — з поўначы, едзе яму насустрач. Пскоў. Зьехаліся цягнікі, сталі адзін супроць аднаго. З таго, што прыехаў з поўначы выходзяць два і ідуць у той — што мітусіўся, шукаючы выхаду.
Праз колькі-та часу выходзяць Яны, вяртаюцца ў свой цягнік і едуць зноў на поўнач,
А па дарозе — усхваляваныя, узрушаныя, увесь час выцягваюць з портфэля нейкую паперу, — ня верачы ўласным вачом, перачытваюць яе, мо‘ ў тысячны раз… Праз некалькі гадзін стукаюць Морзе, Бодо і іншыя тэлеграфныя апараты ўсяго сьвету. Тэлеграфістыя, зьдзіўленыя, усхваляваныя, узрушаныя — з захап-