леньнем сочаць за белаю істужкаю, што разгортваецца ўсё далей і далей: — „з божае ласкі мы… у гады цяжкае пакуты, што выпала на долю каханай бацькаўшчыны нашай…..“
І ўбачыўшы пасьля тэксту такі звыклы, звычайны, у той час подпіс:
… „Мікола“…
апушчаюць тэлеграфістыя рукі і асалапела глядзяць адзін на аднаго, нібыта мімаволі зрабіліся сьведкамі, нейкага зусім надзвычайнага цуду…
А ў Бэрліне —
вуліцы таксама выглядаюць ня так, як заўсёды.
Тут таксама натоўп, таксама сьпевы, таксама сьцягі. Але сьцягі ня тыя, яшчэ трохкаляровыя.
І сьпевы — таксама старыя:
„Нямеччына, Нямеччына — вышэй за ўсё!“
Натаўп — звычайны, як і скрозь, усе апошнія гады: змарнелыя пахудзелыя жанчыны, хворыя, пакалечаныя мужчыны. І скроз — галодны бляск мутнаватых вачэй.
Сярод натаўпу мітусяцца газэтчыкі:
— Бэрлінэр Тагэблят!
— Бэрлінэр Тагэблят!..
— Рэволюцыя ў Расіі…
— Зррачэньне цара Міколы…
— Хуткі канец вайны…
Ля крамы чарга.
Старая, старая бабулька.