Прабягае газэтчык.
Нешта крычыць:
Навокал — узрушэньне.
Старая да суседа:
— Скажэце, майн гэр, — што здарылася?..
Сусед нешта тлумачыць.
І раптам — заблішчэлі старыя вочы, скрозь сьлязу загарэліся! Загарэліся агнём палкае маладое веры, надзеі…
■
А на захадзе —
на палёх Шампані, — у цясьнінах Тыролю, у пяскох Остэндэ, грукочуць гарматы, грукочуць па-старому, — выюць, — уздымаюць пыл — пырскаюць ва ўсе бакі кроўю і чалавечымі мазгамі…
Там — яшчэ сьмяецца час, там думае ён адпомсьціць чалавецтву за тую зьнявагу, якую зрабіла яно яму на ўсходзе…
Але і тут — радасныя ўсьмешкі на тварах, надзея, хваляваньне. Хоць тут і Захад, але: тут спадзяюцца. Нешта павінна здарыцца, нешта надзвычайнае, урачыстае (мо‘ канец вайны?).
І гэтае „нешта“ — на тварах, у гуках стрэлаў, у выбухах гранат, у стукаце пропэлераў, усюды ва ўсім яно адчуваецца, ва ўсім яго відаць.
Адчуваецца яно — нават і цяпер, калі ў часе „адпачынку“, — у перапынку — ад пекла да пекла, гаўптман фон-Орфайген сабраў салдат і чытае ім загад па арміі: