Тлум, таўканіна, гармідар, мітусьня.
Людзі — вайскоўцы, „цывілістыя“, мужчыны, кабеты, дзеці.
У буфэце — „эрзац“ — папіросы, „эрзац“ — піва, „эрзац“ — кава — усё сурогаты. На тое і вайна.
У буфэце — газэтны кіёск.
— „Эрзац — газэты“, — думае Альфрэд Кляйн… Калі-ж гэта, нарэшце, сапраўды канец?..
Раптам:
— Здароў, Фрэддзі!
— А, гэта ты, Шміт!..
Прывіталіся.
У буфэце — „эрзац“ — піва, „эрзац“ — папіросы, „эрзац“ — кава…
Звычайна тут бывае — сурогатная публіка, сурогатныя сустрэчы, сурогатныя прыяцелі.
Але на гэты раз — не.
Альфрэд і Шміт — старыя сябры.
У Бэрліне разам калісьці на фабрыцы працавалі.
А потым — сустракаліся ў часе боек.
Блізкія яны, як два таварышы — якія супольна прайшлі цяжкую навуку вайны: побач, нага да нагі, плячо да пляча, біліся яны з „ворагам“ на фронце. Разам біліся ў Шампані. Разам бралі Коўну. Разам адстойвалі Кракаў. На абодвых адначасьне шчацініліся варожымі багнэтамі альпійскія высоты. Абодвых прытульвала высокая стэповая трава сэрбскае Шумадыі…
Пеніцца ў куфлях сурогатнае піва (раптам нейкім