— Фрэддзінька!.. Фрэддзі!.. Фрэээ!..
— К чорту, крахмалены гэты, прылізаны Бэрлін!.. Няма чаго тут рабіць… Хай хто хоча — варыцца тут ва ўласным саку… На фронт!.. На фронт!.. Да д‘ябла на рогі!..
■
Зноў грукоча цягнік.
Зноў шэраг знаёмых станцый. Толькі ў адваротным парадку. Вось — Маркграбова. Вось Сувалкі. У Горадні — перасядка. Цягнік пойдзе толькі вечарам…
Мураёўская вуліца, рог Саборнае… На рагу дом. Высокая камяніца. На мурох — нейкая паперка. На чатырох мовах: панямецку, папольску, пабеларуску і пагэбрэйску. Альфрэд затрымліваецца і чытае.
„Загад №…
§ 1…
§ 2…
§ 3… Кожны цывільны, сустрэўшы на вуліцы нямецкага афіцэра, павінен: 1) скінуць з галавы капялюш, 2) сказаць:
ураньні — гутэн моргэн,
удзень — гутэн таг.
увечары — гутэн абэнд.
За невыкананьне — арышт у працягу… дзён…
Комэндант гораду фон-Тыльзэнаў, палкоўнік.“
Альфрэд Кляйн — адварочваецца і плюе:
— Чорт! Зноў грымаса вайны!.. Твар вайны…