адкрывала прыгожыя доўгія зубы, надзвычайна ўмела зробленыя, зусім гэткія-ж, якімі былі сапраўдныя. — Мне кажуць, што вы прыехалі з суда ў вельмі сумным настроі. Я думаю, што гэта вельмі цяжка для людзей з сэрцам, — сказала яна па-французску.
— Але гэта праўда, — сказаў Нехлюдаў, — часта адчуваеш сваю не… адчуваеш, што не маеш права судзіць…
— Comme c‘est vrai[1], — нібы здзіўленая ісціннасцю яго заўвагі, ускрыкнула яна, як заўсёды, умела лесцячы свайму субяседніку.
— Ну, а як-жа ваша карціна, яна вельмі цікавіць мяне, — дадала яна. — Калі-б не мая хворасць, дык я даўно-б была ў вас.
— Я зусім пакінуў яе, — суха адказаў Нехлюдаў, якому сёння няшчырасць яе ліслівасці была гэтак-жа відавочна, як і старасць, якую яна скрывала. Ён ніяк не мог настроіць сябе, каб быць ветлівым.
— Дарэмна! Вы ведаеце, мне сказаў сам Рэпін, што ў яго безумоўны талент, — сказала яна, звяртаючыся да Коласава.
„Як ёй не сорамна гэтак хлусіць“, хмурачыся, думаў Нехлюдаў.
Пераканаўшыся, што Нехлюдаў не ў гуморы, і нельга яго ўцягнуць у прыемную і разумную размову, Соф‘я Васільеўна звярнулася да Коласава з пытаннем аб яго думцы пра новую драму гэткім тонам, нібы гэта думка Коласава павінна была вырашыць усякія сумненні, і кожнае яго слова павінна астацца ў вяках. Коласаў асуджаў драму і выказваў пры гэтым выпадку свае погляды на мастацтва. Княгіня Соф‘я Васільеўна здзіўлялася трапнасці яго выказванняў, спрабавала абараніць аўтара драмы, але адразу-ж або здавалася або знаходзіла сярэдняе. Нехлюдаў глядзеў і слухаў, але бачыў і чуў зусім не тое, што было перад ім.
Слухаючы то Соф‘ю Васільеўну, то Коласава, Нехлюдаў бачыў, па-першае, што ні Соф‘і Васільеўне, ні Коласаву
- ↑ Як гэта праўдзіва.