няма ніякай справы ні да драмы, ні адзін да аднаго, а што калі яны гавораць, дык толькі для задавальнення фізіялагічнай патрэбы пасля ежы паварушыць мускуламі языка і горла; па-другое, тое, што Коласаў, выпіўшы гарэлкі, віна, лікёру, быў крыху п‘яны, не гэтак п‘яны, як бываюць п‘яныя не часта п‘ючыя мужыкі, але як бываюць п‘яныя людзі, якія зрабілі з віна звычку. Ён не хістаўся, не гаварыў глупства, але быў у ненармальным, узбуджана-задаволеным сабою становішчы; па-трэцяе, Нехлюдаў бачыў тое, што княгіня Соф‘я Васільеўна сярод размовы з неспакоем пазірала на акно, праз якое да яе пачынаў даходзіць касы прамень сонца, які мог занадта ярка асвятліць яе старасць.
— Як гэта трапна, — сказала яна пра нейкую заўвагу Коласава і паціснула ў сцяне каля канапы кнопку званка.
У гэты час доктар устаў і, як свой чалавек, нічога не кажучы, вышаў з пакоя. Соф‘я Васільеўна праводзіла яго вачыма, працягваючы размову.
— Калі ласка, Філіп, апусціце гэту гардзіну, — сказала яна, паказваючы вачыма на гардзіну акна, калі на званок яе ўвайшоў прыгожы лёкай.
— Не, як ні кажыце, у ім ёсць містычнае, а без містычнага чяма паэзіі, — гаварыла яна, адным чорным вокам сярдзіта сочачы за рухамі лёкая, які апускаў гардзіну.
— Містыцызм без паэзіі — забабоны, а паэзія без містыцызма — проза, — сказала яна, сумна ўсміхаючыся і не адводзячы погляду з лёкая, які разроўніваў гардзіну?
— Філіп, вы не тую гардзіну, — ля вялікага акна, — з пакутай вымавіла Соф‘я Васільеўна, відавочна шкадуючы сябе за тыя намаганні, якія ёй трэба было зрабіць, каб вымавіць гэтыя словы, і адразу-ж для заспакаення паднесла да рота рукой, пакрытай пярсцёнкамі, пахучую дымлівую пахітоску.
Шырокагруды, мускулісты, прыгожы Філіп злёгку пакланіўся, нібы просячы выбачэння, і мякка ступаючы па дывану сваімі моцнымі нагамі з рэзка вызначанымі лыткамі, пакорліва і моўчкі перайшоў да другога акна і, старанна пазіраючы на княгіню, пачаў гэтак выпростваць гардзіну, каб ніводзін прамень не асмеліўся падаць на яе. Але і тут