нагадала яму другую маладую жанчыну, якую ён бачыў гэтымі днямі таксама голай. Гэта была Міссі, якая знайшла повад выклікаць яго увечары, да сябе, каб паказацца яму ў бальным плацці, у якім яна ехала на бал. Ён з агіднасцю ўспамінаў аб яе прыгожых руках і плячах. І гэты грубы, звераваты бацька з сваім мінулым, з жорсткасцю, і з падазронай рэпутацыяй bel esprit[1] маці. Ад усяго гэтага было агідна і разам з тым сорамна. Сорамна і брыдка, брыдка і сорамна.
„Не, не, — думаў ён, — вызваліцца трэба, вызваліцца ад усіх гэтых фальшывых адносін і з Карчагінымі, і з Мар‘яй Васільеўнай, і са спадчынай, і з усім астатнім… каб дыхаць вольна. Паехаць за граніцу — у Рым, заняцца сваёй карцінай… Ён успомніў свае сумненні наконт свайго таленту. — Ну, ды ўсё адно, проста падыхаць вольна. Спачатку ў Канстантынопаль, потым у Рым, толькі-б адчапіцца хутчэй ад прысяжніцтва. І зрабіць гэту справу з адвакатам“.
І раптам у яго ўяўленні з надзвычайнай жвавасцю ўзнікла арыштантка з чорнымі касаватымі вачыма. А як яна заплакала пры апошнім слове падсудных! Ён паспешна, гасячы святло, скамячыў дакураную папяросу ў попельніцу, закурыў другую і пачаў хадзіць узад і ўперад па пакоі.
І адна за другой пачалі ўзнікаць ў яго ваабражэнні мінуты, перажытыя з ёй. Успомніў ён апошняе спатканне з ёй, тую звярыную страсць, якая ў той час апанавала яго, і тое расчараванне, якое ён адчуў, калі задаволіў страсць. У спомніў белае плацце з блакітнай істужкай, успомніў заутраню. „Дык я-ж кахаў яе, сапраўды кахаў добрым, чыстым каханнем у гэту ноч, кахаў яе яшчэ раней, ды як яшчэ кахаў тады, калі я першы раз жыў у цётак і пісаў свой твор!“ І ён успомніў сябе гэткім, якім ён быў тады. На яго павеяла гэткай свежасцю, маладосцю, паўнатой жыцця, і яму зрабілася да болю сумна.
Розніца паміж ім, якім ён быў тады і якім ён быў цяпер, была вялізная: яна была гэткай самай, калі не большай, чым розніца паміж Кацюшай у царкве і той прастытуткай, што п‘янствавала з купцом, якую яны судзілі сёння раніцою.
- ↑ Дасціпнасць.