падсеў да Маславай і пачаў, бліскаючы вачыма і ўсміхаючыся, разглядаць яе і жартаваць з ёй. Гаспадыня выклікала яго ў другі пакой, і Маслава чула, як гаспадыня гаварыла: свежанькая, вясковая. Потым гаспадыня выклікала Маславу і сказала, што гэта пісьменнік, у якога грошай вельмі багата і які нічога не пашкадуе, калі яна яму ўпадабаецца. Яна ўпадабалася, і пісьменнік даў ёй 25 рублёў, абяцаючы часта бачыцца з ёю. Грошы разышліся вельмі хутка на плату цётцы за пражыванне і на новае плацце, капялюшык і істужкі. Праз некалькі дзён пісьменнік прыслаў па яе ў другі раз. Яна пайшла. Ён даў ёй яшчэ 25 рублёў і прапанаваў пераехаць на асобную кватэру.
Жывучы на кватэры, нанятай пісьменнікам, Маслава пакахала вясёлага прыказчыка, які жыў на тым самым дварэ. Яна сама абвясціла аб гэтым пісьменніку і перайшла на асобную маленькую кватэру. А прыказчык, каторы абяцаў жаніцца, паехаў, нічога не сказаўшы ёй, і, напэўна, пакінуўшы яе, у Ніжні, і Маслава асталася адна. Яна хацела было жыць адна на кватэры, але ёй не дазволілі. І акалотачны сказаў ёй, што яна можа жыць так, толькі атрымаўшы жоўты білет і прайшоўшы агляд. Тады яна пайшла зноў да цёткі. Цётка, бачачы на ёй моднае плацце, накідку і капялюшык, з павагаю сустрэла яе і ўжо не адважылася прапанаваць ёй паступіць у прачкі, лічачы, што яна цяпер стала на вышэйшую ступень жыцця. І для Маславай цяпер ужо і не было пытання аб тым, ці паступіць, ці не паступіць у прачкі. Яна са спачуваннем пазірала цяпер на тое катаржнае жыццё, якім жылі ў першых пакоях бледныя, з худымі рукамі прачкі, з якіх некаторыя ўжо былі сухотнымі, мыючы і гладзячы ў трыццаціградуснай мыльнай пары з адчыненымі летам і зімой вокнамі, і палохалася думкі аб тым, што і яна магла паступіць на гэту катаргу.
І вось у гэты час, асабліва цяжкі для Маславай, бо не трапляўся ні адзін добры чалавек, Маславу адшукала жанчына, якая пастаўляла дзяўчат для публічных дамоў.
Маслава курыла ўжо даўно, але ў апошні час сваёй сувязі з прыказчыкам і пасля таго, як ён пакінуў яе, яна ўсё больш і больш прывучалася піць. Віно вабіла яе не толькі