вацца і быць лепшым, і нічога не атрымалася, — гаварыў у душы яго голас спакусніка, — навошта-ж спрабаваць яшчэ раз? Не ты адзін, а ўсе гэткія — такое жыццё“, гаварыў гэты голас. Але тая вольная, духоўная істота, якая адна ісцінная, адна магутная, адна вечная, ужо прачнулася ў Нехлюдаве. І ён не мог не паверыць ёй. Якой-бы вялікай не была адлегласць паміж тым, чым ён быў, і тым, чым хацеў быць, — для духоўнай істоты, якая прачнулася, усё ўяўлялася магчымым.
„Парву гэту ману, што звязвае мяне, чаго-б гэта ні каштавала, і прызнаю ўсё і ўсім скажу праўду і зраблю праўду, — рашуча ўслых сказаў ён сабе. — Скажу праўду Міссі, што я распуснік і не магу жаніцца на ёй, і толькі дарэмна трывожыў яе; скажу Мар‘і Васільеўне (жонцы прадвадзіцеля). Хаця ёй няма чаго гаварыць, скажу яе мужу, што я нягоднік, ашукваў яго; са спадчынай распараджуся так, каб прызнаць праўду. Скажу ёй, Кацюшы, што я нягоднік, вінават перад ёй, і зраблю ўсё, што магу, каб аблягчыць яе лёс. Вось убачу яе і буду прасіць яе дараваць мне. Але, буду прасіць выбачэння, як дзеці просяць. — Ён спыніўся. — Ажанюся з ёю, калі гэта патрэбна“.
Ён спыніўся, склаў рукі перад грудзьмі, як ён рабіў гэта, калі быў маленькі, узняў вочы ўгору і вымавіў, звяртаючыся да некага:
— Божа мой, дапамажы мне, навучы мяне, прыдзі і ўсяліся ў мяне, і ачысці мяне ад усякія скверны!
Ён маліўся, прасіў бога дапамагчы яму, усяліцца ў яго і ачысціць яго, а тымчасам тое, аб чым ён прасіў, ужо зрабілася. Бог, што жыў у ім, прачнуўся ў яго свядомасці. Ён адчуў сябе ім і таму адчуў не толькі свабоду, бадзёрасць і радасць жыцця, але адчуў усю магутнасць дабра. Усё, усё самае лепшае, што толькі мог зрабіць чалавек, ён адчуваў сябе цяпер здольным зрабіць.
На вачах яго былі слёзы, калі ён гаварыў сабе гэта, і добрыя і благія слёзы; добрыя слёзы таму, што гэта былі слёзы радасці абуджэння ў сабе той духоўнай істоты, якая ўсе гэтыя годы спала ў ім, і благія таму, што яны былі слёзы расчулення над самім сабой, над сваёй добрадзейнасцю.