таварыша пракурора яна бачыла зусім у іншым настроі. У той час, калі яна сядзела ў арыштанцкай, чакаючы суда, і ў перапынках паседжання яна бачыла, як гэтыя мужчыны, прыкідаючыся, што яны ідуць за іншай справай, праходзілі міма дзвярэй або ўваходзілі ў пакой толькі затым, каб агледзець яе. І раптам гэтыя самыя мужчыны чамусьці асудзілі яе на катаргу, не гледзячы на тое, што яна была невінавата ў тым, у чым яе абвінавачвалі. Спачатку яна плакала, але потым заціхла і ў становішчы поўнага атуплення сядзела ў арыштанцкай, чакаючы адпраўкі. Ёй хацелася цяпер толькі аднаго: пакурыць. У гэткім становішчы засталі яе Бачкова і Карцінкін, якіх пасля прысуду прывялі ў той самы пакой. Бачкова адразу пачала лаяць Маславу і называць катаржнай.
— Што, узяла? Выправілася? Бач, не выкруцілася, шлюха подлая! Што заслужыла, тое і атрымала. На катарзе, бач, шыкаваць не будзеш.
Маслава сядзела, засунуўшы рукі ў рукавы халата, і, схіліўшы нізка галаву, нерухома пазірала на два крокі перад сабой, на затаптаную падлогу, і толькі гаварыла:
— Не чапаю я вас, вы і пакіньце мяне. Я-ж не чапаю, — паўтарыла яна некалькі разоў, потым зусім змоўкла. Ажывілася яна крыху толькі тады, калі Карцінкіна і Бачкову адвялі, і вартаўнік прынёс ёй тры рублі грошай.
— Ты Маслава? — запытаў ён. — На вось, табе пані прыслала, — сказаў ён, даючы ёй грошы.
— Якая пані?
— Бяры і ўсё, гаварыць яшчэ з вамі.
Грошы гэтыя прыслала Кітаева, ўтрымальніца публічнага дома. Ідучы з суда, яна звярнулася да судовага прыстава з пытаннем, ці можа яна перадаць трохі грошай Маславай. Судовы прыстаў сказаў, што можна. Тады, атрымаўшы дазвол, яна зняла замшавую пальчатку з трыма гузікамі з пульхнай белай рукі, дастала з задніх складак шаўковай спадніцы модны бумажнік і, выбраўшы з досыць вялікай колькасці купонаў, толькі што зрэзаных з білетаў, заробленых ёю ў сваім доме, адзін — у 2 рублі 50 кап. і далучыўшы да яго два двугрывенныя і яшчэ грыўню, перадала