Было яшчэ зусім светла, і толькі дзве жанчыны ляжалі на нарах, адна, пакрытая з галавой халатам, — прыдуркаватая, узятая за бяспашпартнасць, — гэта заўсёды амаль спала, — а другая сухотная, якая адбывала пакаранне за пакражу. Гэта не спала, а ляжала, паклаўшы пад галаву халат, з шырока адкрытымі вачыма, праз сілу, каб не кашляць, утрымліваючы ў горле макрату, якая пералівалася там і казлытала яе. Астатнія жанчыны, — усе проставалосыя і ў адных са зрэбнага палатна кашулях, — некаторыя сядзелі на нарах і шылі, некаторыя стаялі ля акна і глядзелі на арыштантаў, якія праходзілі па дварэ. З тых трох жанчын, якія шылі, адна была тая самая старая, што праводзіла Маславу, — Караблёва, — панурая, хмурая, маршчыністая, з адвіслым мяшком скуры пад падбародкам, высокая, моцная жанчына, з кароткай касічкай русых пасівелых на скронях валасоў і з валасатай бародаўкай на шчацэ. Старая гэта была асуджана на катаргу за забойства сякерай мужа. Забіла-ж яна яго за тое, што ён лез да яе дачкі. Караблёва была старасціхай камеры, яна-ж і гандлявала віном. Яна шыла ў акулярах і трымала ў вялікіх рабочых руках іголку па-сялянску, трыма пальцамі і вострым канцом да сябе. Побач з ёю сядзела і таксама шыла мяшкі з парусіны невысокая кірпатая чарнявая жанчына з маленькімі чорнымі вачыма, добрадушная і гаваркая. Гэта была вартаўніца пры чыгуначнай будцы, асуджаная на тры месяцы турмы за тое, што не вышла са сцягам да поезда, з поездам-жа здарылася няшчасце. Трэцяя жанчына, якая шыла, была Фядос‘я — Фенічка, як яе звалі таварышкі, — белая, румяная, з яснымі дзіцячымі блакітнымі вачыма і двума доўгімі русымі косамі, абкручанымі вакол невялікай галавы, зусім маладая, прыгожая жанчына. Яе трымалі за тое, што спрабавала атруціць мужа. Спрабавала яна атруціць мужа адразу-ж пасля замужаства, у якое была выдана шаснаццацігадовай дзяўчынкай. За тыя 8 месяцаў, у часе якіх яна, будучы ўзята на парукі, чакала суда, яна не толькі памірылася з мужам, але гэтак пакахала яго, што суд заспеў яе тады, калі яна жыла з мужам, як адна душа. Не гледзячы на тое, што муж і свёкар і асабліва свякруха, якая палюбіла яе, стара-
Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/117
Гэта старонка не была вычытаная