Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/118

Гэта старонка не была вычытаная

ліся на судзе ўсімі сіламі апраўдаць яе, яна была прысуджана да высылкі ў Сібір, на катаржныя работы. Добрая, вясёлая Фядос‘я гэта, якая часта ўсміхалася, была суседкай Маславай па нарах і не толькі палюбіла Маславу, але прызнала сваім абавязкам клапаціцца аб ёй і служыць ёй. Нічога не робячы, сядзелі на нарах яшчэ дзве жанчыны, адна гадоў пад сорак, з бледным худым тварам, пэўна некалі вельмі прыгожая, цяпер худая і бледная. Яна трымала на руках дзіцёнка і карміла яго белымі доўгімі грудзьмі. Злачынства яе было ў тым, што калі з іх вёскі везлі рэкрута, па думцы мужыкоў незаконна ўзятага, народ спыніў станавога і адабраў рэкрута. Жанчына-ж гэта, цётка незаконна ўзятага хлопца, першая схапіла за повад каня, на якім везлі рэкрута. Яшчэ сядзела, нічога не робячы, на нарах, невысокая, уся ў зморшчынах, добрадушная бабулька з сівымі валасамі і гарбатай спіной. Бабулька гэта сядзела каля печкі на нарах і прыкідалася, што ловіць чатырохгадовага, каротка абстрыжанага, тоўстапузага хлопчыка, які прабягаў міма яе, заліваючыся смехам. Хлопчык у адной кашулі прабягаў міма яе і прыгаварваў усё адно і тое-ж: „вось і не злавіла!“ Бабулька гэта, якую абвінавачвалі разам з сынам у падпале, пераносіла сваё пакаранне з вялікім добрадушшам, клапоцячыся толькі аб сыне, які сядзеў з ёю адначасова ў турме, але больш за ўсё аб сваім старым, які, яна баялася, зусім без яе завашывее, бо нявестка пайшла і яго абмываць няма каму.

Апрача гэтых сямі жанчын, яшчэ чатыры стаялі каля аднаго з адкрытых акон і, трымаючыся за жалезныя краты, знакамі і крыкамі перагаварваліся з арыштантамі, што праходзілі па дварэ, з тымі самымі, з якімі сутыкнулася Маслава каля ўваходу. Адна з гэтых жанчын, засуджаная за пакражу, была вялікая, грузная, з абвіслым целам рыжая жанчына, з жаўтавата-белым, абсыпаным вяснянкамі тварам, рукамі і тоўстай шыяй, што выстаўлялася з-за развязанага, раскрытага каўняра. Яна голасна крычала ў акно хрыплым голасам непрыстойныя словы. З ёю побач стаяла, ростам з дзесяцігадовую дзяўчынку, чарнаватая нязграбная арыштантка з доўгай спіной і зусім кароткімі нагамі. Твар у яе