— Напэўна, ён.
— Хто ён?
— Ды Шчэглоў. Вось, што зараз прайшоў.
— Які гэта Шчэглоў?
— Пра Шчэглова не ведае! Шчэглоў два разы з катаргі бегаў. Цяпер злавілі, ды ён ўцячэ. Яго і надзірацелі баяцца, — казала Хорашаўка, якая перадавала пісулькі арыштантам і ведала ўсё, што робіцца ў турме. — Абавязкова ўцячэ.
— А ўцячэ, нас з сабой не возьме, — сказала Караблёва. — А ты лепш вось што скажы, — звярнулася яна да Маславай, — што табе аблакат сказаў аб прашэнні, бо цяпер падаваць трэба?
Маслава сказала, што яна нічога не ведае.
У гэты час рыжая жанчына, запусціўшы абедзве пакрытыя вяснянкамі рукі ў свае заблытаныя густыя рыжыя валасы і скрабучы пазногцямі галаву, падышла да арыстакратак, якія пілі віно.
— Я табе, Кацярына, усё скажу, — пачала яна. — Перш-на-перш, павінна ты запісаць: нездаволена судом, а пасля таго пракурору заявіць.
— А табе што? — сярдзітым басам звярнулася да яе Караблёва. — Віно пачула, — няма чаго зубы загаварваць. Без цябе ведаюць, што рабіць, ты тут непатрэбна.
— Не з табой гавораць, чаго лезеш.
— Віна захацелася? Пад‘язджаеш.
— Ды ну, паднясі ёй, — сказала Маслава, якая заўсёды раздавала ўсім усё, што ў яе было.
— Я ёй гэткую паднясу…
— Ну, ну-ка! — насоўваючыся на Караблёву, загаварыла рыжая. — Не баюся я цябе.
— Астрожная шкура!
— Ад гэткай чую.
— Разварная трыбуха!
— Я трыбуха? Катаржная, душагубка! — закрычала рыжая.
— Ідзі, кажу, — панура вымавіла Караблёва.
Але рыжая толькі бліжэй насоўвалася, і Караблёва піхнула яе ў адкрытыя тлустыя грудзі. Рыжая нібы толькі